Ігар Банцэр: Нечаканы выклік па справе «Вясны»
Гарадзенскага музыку Ігара Банцэра 29 сакавіка выклікалі ў Следчы камітэт, і музыка быў здзіўлены гэтым выклікам без позвы. Ён думаў, што яго выклікаюць па справе, якая некалькі дзён таму распачалася ў Мазыры.
– Гэты выклік Следчага камітэту вельмі нечаканым для мяне аказаўся, таму што я падазраваў, што гэта будзе ў сувязі з затрыманнем актывістаў і рок-музыкантаў з Мазыра. Гэта сяброўкі асабістыя. Крысціна Чарнякова, якой зараз пагражае да 5 год. А высветлілася, што насамрэч не. Я дасюль знаходжуся ў такой лёгкай збянтэжанасці.
Ігар быў выкліканы па справе праваабаронцаў, да якіх ён ніколі не меў дачынення.
– Генеральная пракуратура даручыла Гарадзенскаму следчаму камітэту. Мяне дапытваў падпалкоўнік Акінчыц па справе нядаўна ліквідаванага грамадскага аб’яднання «Праваабарончы цэнтр «Вясна». Гэта было вельмі нечакана, таму што я ніколі не быў сябрам гэтай арганізацыі, ніколі не прымаў удзел у жыцці гэтай арганізацыі.
Ігар адмовіўся даваць якія-кольвек паказанні і сведчыць супраць сябе згодна 27-га артыкулу Канстытуцыі, і таму допыт цягнуўся 15-20 хвілін.
Беларускае Радыё Рацыя