Ігар Банцэр: Пачалі вазіць да лекараў



За 40 дзён, што Ігар Банцэр, гарадзенскі палітвязень і музыка, знаходзіцца за кратамі на віцебскай “хіміі”, яго толькі зараз пачалі адвозіць да лекараў.

Распавядае Ігар Банцэр:

– Толькі пасля публікацыі, якая з’явілася на “Радыё Рацыя”, пачала сітуацыя мяняцца да лепшага. Мяне пачалі вазіць да лекараў нарэшце. Але ўсё роўна, усё адбываецца з такім скрыпам. Я не ведаю, як гэта расцэньваць, але мне напісалі парушэнне. Учора мне пра гэта паведамілі. Сёння павезлі да лекара, талон на 8.55, мяне прывезлі пасля 10 гадзін. Я кажу супрацоўнікам адміністрацыі: што вы робіце? Вы ж мне замінаеце здароўе папраўляць.

Па словах палітвязня, яму за яго паводзіны абвешчана папярэджанне:

– Гэта ваш абавязак, вы мусіце мяне да лекара вазіць. Яны адказалі, што гэта не іхныя абавязкі, а я маю права на атрыманне медыцынскай дапамогі. Я не ведаю, як гэта расцэньваць, але лічу, што такім метадам на мяне спрабуюць ціснуць, таму што я мушу дабівацца, каб да лекара мяне завезлі. Хоць у мяне ўсе паперкі ёсць і я вельмі кепска сябе адчуваю. І калі я пачынаю казаць, што вы парушаеце мае правы, што буду скардзіцца ў пракуратуру, мне парушэнні навешваюць. І абяцалі яшчэ павесіць парушэнне сёння.

Разам з Ігарам у яго папраўчай установе знаходзяцца яшчэ 10 палітвязняў з розных рэгіёнаў Беларусі, што складае 10% ад усіх вязняў, якія адбываюць пакаранне на гэтай “хіміі”.

Беларускае Радыё Рацыя