Ігар Банцэр: палітвязні адчуваюць новую хвалю рэпрэсій



Палітвязень Ігар Банцэр канстатуе, што ў папраўчый установе ў Віцебску, дзе ён знаходзіцца, распачаўся прэсінг на палітзняволеных.

Распавядае Ігар Банцэр:

– Віцебская папраўчая ўстанова нумар дзевяць стала самай вядомай у Беларусі, дзякуючы таму, што адбыліся непрыемныя падзеі – уцёкі тут былі, ужыванне алкаголю. Цягам літаральна двух тыдняў было шмат парушэнняў рэжыму, што не ёсць нармальнай сітуацыяй. Пачынаўся пасля гэтага ціск на палітычных вязняў, таму што адміністрацыя падазрае аднаго з палітычных вязняў з Берасця Абрамука, што ён падгаворвае, падбухторвае.

Па словах Ігара Банцэра, ён адчуў таксама персанальны ціск з боку адміністрацыі.

– Сёння было днявальства. Сёння было чарговае парушэнне, сказалі, што я атрымаю бліжэйшым часам спагнанне. Такія захады адміністрацыі я адназначна ацэньваю як псіхалагічны ціск. Зміцер Цімафееў, які тут знаходзіцца, у яго праблемы са здароўем, у яго вялікая вага, яму цяжка рухацца, ёсць шмат пытанняў, яго дасюль не паклалі ў шпіталь, хаця ён патрабуе неадкладнай медычнай дапамогі. І вось у суботу трэба было яму выклікаць хуткую дапамогу.

У папраўчай установе ў Віцебску разам з Ігарам знаходзяцца 10 палітвязняў з розных куткоў Беларусі, у тым ліку тыя, хто асуджаныя па так званай “карагоднай справе” ў Берасці. Частка з іх ўжо падпісала “ліст памілавання” Васкрасенскага.

Беларускае Радыё Рацыя