Ігар Банцэр: Пішыце лісты палітзняволеным



Гарадзенскі музыка і актывіст правёў за кратамі 5 месяцаў, і 19 сакавіка пасля 16 дзён сухой галадоўкі музыку адправілі “дахаты” з суду. Тыдзень ён лячыўся па ізраільскай методыцы і выходзіў з галадоўкі.

Наш карэспандэнт Сяргей Апановіч размаўляе на тэмы турмы і знаходжання за кратамі з Ігарам Банцэрам.

РР: Ці была нейкая сувязь са знешнім светам, ці перадавалі газеты, ці лістуецеся вы да гэтага часу з тымі людзьмі, якія вам пісалі тады?

Ігар Банцэр: Са знешнім светам сувязь была праз ліставанне, безумоўна. І я ўдзячны ўсім, хто піша лісты. Я атрымліваў лісты ад трынаццацігадовых хлопцаў і ад сямідзесяцігадовых жанчын. І вельмі прыемна чытаць, што піша чалавек, што ўпершыню ў жыцці піша папяровы ліст. І я задаволены, што ўсё ж такі нейкую новую якасць дадаю ў гэта наша беларускае жыццё, што людзі хочуць праявіць гэтую салідарнасць. І гэта таксама датычыцца іншых палітвязняў. Я заклікаю ўсіх пісаць лісты ўсім палітычным вязням, бо гэта вельмі падтрымлівае ў турме, нават калі лісты не даходзяць. Я атрымліваў адзін ліст, дзе пісаў чалавек, што ён мне піша ўжо другі, трэці раз. Пісала кабета з Менску, што можаце памножыць колькасць лістоў, якія да вас даходзяць, на сто. Я не паверыў, мне здавалася, што як так, бо  адзін-два лісты прыходзяць. Але, калі пачаўся шквал, абвал, калі пачалася галадоўка, у дзень па 10-15 лістоў прыходзіла. Мне знаёмыя потым казалі, што пісалі, а іх лісты я не атрымліваў. Я веру, што зараз сіла беларускай салідарнасці вельмі моцная.

Трэба пісаць лісты, усіх заклікаю пісаць лісты палітычным, хаця б проста дашліце картку, гэта не цяжка, заклікаю ўсіх гэта рабіць!

РР: А ці былі лісты падтрымкі з замежжа і ці даходзілі яны да вас?

Ігар Банцэр: Да мяне даходзілі лісты з замежжа, таму што ўсё ж такі як музыка я даволі вядомы. Быць можа, менавіта ў першую чаргу ў замежжы, таму што левыя погляды, левая сцэна даволі моцныя. А ў мяне погляды абсалютна левыя – антыфашысцкія, антытэрарыстычныя і г.д. У Беларусі мы былі ўсё ж такі ў андэграўндзе, не так вядомыя, да таго моманту, як мяне распіярыла КДБ. І таму я атрымліваў лісты і з замежжа.

У мяне быў дзень народзінаў у турме напрыканцы лютага, і гэта быў самы шыкоўны дзень народзінаў за мае сорак год.

Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:

Беларускае Радыё Рацыя