Ігар Банцэр: Судовая сістэма паказвае сваю некампетэнтнасць



Музыка і грамадскі актывіст Ігар Банцэр 20 траўня 2021 года ў Гарадзенскім абласным судзе спрабаваў абскардзіць сваё ўтрыманне за кратамі. Не ўдалося дамагчыся перагляду прысуду.

Па словах Ігара Банцэра, гэтае рашэнне прынятае абласнымі суддзямі не самастойна:

– Беларускае правасуддзе ў чарговы раз пацвердзіла сваю немач, бяссільнасць. Суддзі не могуць нават у відавочных справах прымаць незалежнае рашэнне, бо няма гэтай незалежнасці судовай сістэмы. Тое, што мы сёння бачылі, адзінае было незразумела, чаму так доўга 15-20 хвілін суддзі рабілі выгляд, што ў іх нарада адбываецца. Наведнікі пыталі, чаму я смяюся. А што застаецца рабіць, толькі смяяцца ў такой сітуацыі, смяемся скрозь слёзы.

Ён таксама пісаў касацыйную скаргу спасылаючыся на сваё здароўе:

– Для мяне гэта было таксама вельмі паказальна, што для пракуратуры цяжкія хваробы, праблемы з гастраэнтаралогіяй, праблемы з крывёй, гепатыт С, гэта не з’яўляецца ніякім чыннікам. Што пацвярджае, што зараз уся сістэма карае тых, хто не падпарадкоўваецца, хто не хоча прызнаць уладу Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі. Застаецца чакаць паперкі з суду, выкліку ў Дэпартамент выканання пакаранняў і скіравання. Гэта таксама сёння прагучала ад пракурора, што мяне абавязкова трэба скіраваць за межы Гародні.

На працэсе ўсе прысутныя таксама змаглі пачуць гісторыю актывіста пра тое, як сядзелася ў гарадзенскай турме. Ігар Банцэр плануе падаваць скаргі і далей.

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня

Фота Сяргея Апановіча