Ігар Бараноўскі: Смерць Рамана Бандарэнкі знакавая, як смерць ксяндза Ежы Папялушкі



За месяцы пратэстаў праз адміністрацыйныя арышыты прайшлі сотні, калі не тысячы берасцейцаў. Сярод іх трапляюцца і вядомыя ў колах інтэлігенцыі людзі, якія, як і ўсе астатнія, церпяць за свае перакананні. 

Сённяшні “Госць Рацыі” – берасцейскі краязнаўца, які спазнаў досвед 30-суткавага арышту за ўдзел у масавых мерапрыемствах Ігар Бараноўскі, які распавядае пра досвед, атрыманы за кратамі, пратэсты і рэакцыі ўлады на іх.

Ігар Бараноўскі: Свае пачуцці пасля арышту я выклаў у посце ў фэйсбуку, найперш падзякаваўшы ўсім за салідарнасць. І гэта самы галоўны досвед мой. Раней я ведаў гэта тэарэтычна, а адседзеўшы двойчы па 15 сутак у Берасці і ў ізалятары ў Століне, я гэтую салідарнаць адчуў на сабе. І гэта мяне больш за ўсё ўразіла. Што б не рабіла ўлада, якая здзяйсняе рэпрэсіі, нашая салідарнасць – гэта галоўнае і яе трэба развіваць, мацаваць і падтрымліваць. І тады мы будзем непераможныя.

Давялося мне ў адной з камер сядзець з доктарам-анэстэзіёлагам. Другі хлопец быў інжынер-праграміст буйной ІТ-кампаніі. Трэці быў – дальнабойнік, у якога раней была маленькая кавярня ў цэнтры Берасця. Гэта наша сучасная Беларусь, гэта патэнцыял Беларусі, які кідаюць за краты. Што можна сказаць пра гэта? У нас было шмат тэмаў цікавых для гаворак, але непрыемна, што мы вось так бавілі час. І гэтая ўлада лічыць, што яна штосьці добрае робіць для гэтай краіны, кідаючы людзей у вязніцы. Месяц у мяне, канешне ж, сышоў у пустую.

Пра тое, што я вынес з гэтага: канешне ж, я даведаўся, што людзі, якія са мной сядзелі, – гэта будучыня Беларусі. Гэта важны досвед. І я зразумеў, што ўсё, на чым трымаецца гэта сістэма – гэта сіла, гвалт і часам няпраўда, якую яны самі паміж супрацоўнікаў пашыраюць і спрабуюць на наіўных людзей яе закінуць. Але мае погляды яны толькі ўмацаваліся. Ясны факт, трошкі больш асцярожным будзеш. Не хочацца марнаваць час на пустое сядзенне, калі можна рабіць у гэты час карысныя рэчы.

РР: Вы прыхаджанін уніяцкай царквы.

Ігар Бараноўскі: Я адзін з заснавальнікаў грэка-каталіцкай царквы ў Берасці. І хіба можа хрысціянін быць абыякавым, калі ў кагосьці гора? Не, канешне. Тым больш, калі трагічная смерць. Вось прыклад – я выпадкова аказаўся не ў тым месцы і атрымаў 30 сутак, а Раман Бандарэнка аказаўся вінаватым у тым, што яго пабілі. І пра гэта (тое, што хрысціянін у падобных сітуацыях ня можа быць абыякавым) я гаварыў падчас сустрэчы з многімі следчымі ў ізалятары, у тым ліку з Самасюком – намеснікам начальніка Ленінскага РАУС. У нас у краіне гуманітарны і прававы крызіс. Сілавыя структуры робяць усё, што хочуць. І гэта ім сыходзіць з рук. Яшчэ не было ніякіх судоў. Тыя, хто страляў, забіваў людзей, як у Берасці, як у Менску, яны чамусьці аказаліся непакаранымі. А тысячы збітых людзей. Хто іх біў? Дагэтуль нікога не прыцягнулі да адказнасці. Смерць Рамана Бандарэнкі – знакавая, як смерць ксяндза Ежы Папялушкі ў Польшчы. Я думаю, яна зварухнула пачуцці ўсіх нармальных людзей. І яна паказала, дзе зло, а дзе – не. І калі пачалі прыбіраць кветкі ад крыжа каля касцёлу ў Берасці – загад паступіў ад уладаў, гэта ганьба! Бо лістапад – гэта месяц малітваў за ўсіх памерлых. Ён загінуў за свае перакананні. І гэты боль, гэты смутак людзі прынеслі да крыжа, запалілі лампадкі, прынеслі жывыя кветкі. Наш святар выказаў прапанову памаліцца, і мы, як вернікі грэка-каталіцкай царквы Берасця, адгукнуліся і прыйшлі. І не толькі грэка-католікі, а вернікі розных канфесій. І мы маліліся ў гэты дзень, бо людзей на вуліцы проста так могуць збіць і забіць. Я ведаю, што ёсць наступствы, ёсць папярэджанне грэка-каталіцкай парафіі за актыўную дзейнасць святара айца Ігара Кандрацьева.

Цалкам гутарка ў далучаным гукавым файле:

Беларускае Радыё Рацыя, Берасце

Фота: b-g.by