Ігар Барысаў: Чыноўнікі чакаюць, што адкажуць зверху
Адказнасць за Дзень Волі – чыноўнікі перакладаюць адзін на аднаго. Аб перамовах з Менгарвыканкамам адносна святкавання Дня Волі расказаў старшыня Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Ігар Барысаў.
Зараз абмяркоўваюць пляцоўку. Апазіцыя сустракаецца з чыноўнікамі і прапануе тры варыянты: ля Палаца спорту, ля Опернага тэатра, плошча Свабоды.
Пра характар перамоваў кажа Ігар Барысаў, які звяртае ўвагу, што сёлета няма палітычнай волі, як гэта было, напрыклад, два гады таму.
– Два гады таму была палітычная воля на тое, каб даць дазвол на гэтае мерапрыемства. І яны гэта зрабілі і далі і мерапрыемства адбылося каля Опернага тэатра. Па цяперашніх нормах, у адпаведнасці з пастановай 49 Саўміна, калі праводзіць на гэтай пляцоўцы, то каафіцэент аплаты міліцыі будзе ў паўтара раза большы. Натуральна, гэтае мерапрыемства ў пэўнай ступені выклікае раздражненне. Кожны чыноўнік адзін на аднаго спасылаецца, што не ён прымае рашэнне. Будуць чакаць, што там адкажуць зверху.
Раней Ігар Барысаў ад імя сваёй партыі звяртаўся ў сталічны гарвыканкам з прапановай уключыць Дзень Волі ў расклад святкаванняў на 2020 год. Гэта пазбавіла б арганізатараў ад шэрагу расходаў, у прыватнасці ад аплаты паслуг міліцыі па ахове правапарадку. Менгарвыканкам адмовіўся ўключыць святкаванне Дня Волі ў агульнагарадскі план мерапрыемстваў.
Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя