Ігар Барысаў: Фіксуем рэкордныя разыходжанні яўкі выбаршчыкаў
Кампанія “Права выбару-2018” прыступіла да назірання за ходам датэрміновага галасавання на 154 выбарчых участках на мясцовых выбарах.
Галоўным вынікам першага дня стала фіксацыя рэкорднага разыходжання яўкі выбаршчыкаў са звесткамі назіральнікаў. Пра гэта паведаміў прадстаўнік кампаніі «Права выбару» Ігар Барысаў:
– Самае галоўнае – гэта астранамічнае разыходжанне яўкі на некаторых выбарчых участках, тое, што фіксуюць нашыя назіральнікі кампаніі “Права выбару”, з афіцыйнымі звесткамі ў пратаколах. Напрыклад, на Карбышаўскай акрузе ў Менску ёсць як мінімум два такія выбарчыя ўчасткі – на адным разыходжанне ў тры разы, на другім – аж у 14 разоў. Гэта вельмі заўважна, калі прыходзяць 9 чалавек прагаласаваць за дзень, а пішуць 123 па факту, хаця, канешне, такога не было.
Таксама назіральнікам не даюць поўнай інфармацыі аб агульнай колькасці выбаршчыкаў на ўчастку. Трэцяе найчасцей фіксаванае парушэнне звязана са скрынямі для бюлютэняў, кажа Ігар Барысаў.
– Трэці момант гэта тое, што не ўсюды належным чынам, на думку нашай кампаніі, адбываецца захаванне скрыняў для галасавання, то бок ёсць выпадкі, калі іх нават у іншае памяшканне выносяць. У адпаведнасці з Кодэксам, старшыня камісіі павінен арганізоўваць захаванне скрыняў для галасавання. Таму яны гэта матывуюць тым, што ён такім чынам робіць захаванне гэтых скрыняў.
Агулам у першы дзень афіцыйнага пачатку галасавання на мясцовых выбарах працавалі 308 назіральнікаў, якія падрыхтавалі і падалі 8 скаргаў у выбарчыя камісіі.
Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя