Ігар Барысаў: Мяне затрымалі прывентыўна (абноўлена)
5-га красавіка пасля 15 сутак адсідкі на волю выйшаў старшыня Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Ігар Барысаў.
Па словах палітыка, яго і іншых палітыкаў затрымалі адмыслова:
– Можа як і раней затрымлівалі некалькіх асноўных лідараў, традыцыйна Статкевіча, яшчэ некаторых. Але ў сувязі з тым, што зараз „вулічныя” фактычна ўсе сядзяць, мяркую, яны вырашылі пашырыць гэтае кола як за кошт лідараў афіцыйна зарэгістраваных палітычных арганізацый, так і за кошт лідараў і актывістаў мясцовых лакальных супольнасцяў, якія з’явіліся пасля 9-га жніўня.
Палітык упэўнены, што ўладам было важна затрымаць актывістаў перад 25 Сакавіка:
– Мэта – нівеляваць маштабы і значнасць самога 25 Сакавіка. Ва ўлады, на маю думку, ёсць два такія нервовыя ўзбуджальнікі, на якія яна вельмі хваравіта рэагуе, – гэта Дзень Волі і дзень выбараў. Прычым, у першую чаргу – прэзідэнцкіх. Таму яна ў гэты момант і праводзіць спецаперацыі з мэтай нівеляваць маштабы і не дапусціць магчымыя пратэсты. Таму, я думаю, гэта было зроблена прывентыўна.
Ігара Барысава трымалі за кратамі спачатку на Акрэсціна, а потым у Жодзіне, дзе адбываліся здзекі з затрыманых “за палітыку”.
* * *
З Жодзінскага ізалятару пасля 15 сутак арышту выйшаў старшыня Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Ігар Барысаў. Па словах яго першага намесніка Аляксея Сігаева, які быў сярод сустракаючых, Барысаў распавёў, што ўмовы ўтрымання зняволеных пасля Дня Волі 25 сакавіка сапсаваліся:
– І сапсаваліся моцна, то бок, раней яны спалі на матрацах, пасля 25-га матрацы ў іх забралі. Яны вымушаныя былі спаць хто на падлозе, хто на металічных нарах без матрацаў. У камеры было 15 чалавек на той момант. Вось калі Ігара зараз выпусцілі, засталося 12. А камера на 10 чалавек разлічана. То бок, так ці інакш – перапоўненасць.
Таксама, па словах Аляксея Сігаева, Ігар Барысаў распавядаў, што ўсе ў камеры скардзіліся на галаўны боль, таму што прыходзілася спаць без падушак. Да таго ж, з раніцы ў камеры ўключалі на ўсю моц радыёкропку з запісамі прапагандысцкіх перадачаў і песень.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота: БелаПАН