Ігар Бублікаў: На адкрыты суд нікога не пусцілі
У судзе Кастрычніцкага раёну Гародні распачаўся судовы працэс над журналістам Ігарам Бублікавым.
Нечаканасцю для прыйшоўшых на працэс было тое, што ў будынак суда нікога не пусцілі, бо на дзвярах чакала выпіска з пастановы Вярхоўнага суда.
Пра працэс распавядае Ігар Бублікаў:
– Прыйшлі толькі з адным сведкам, нікога больш не пусцілі з-за эпідэміялогіі. Апыталі Вольгу Камягіну, я задаваў пытанні, яна адказвала. Яе затым адпусцілі. І ў мяне спыталі, як я рэгістраваў свой рэсурс, дзе ён зарэгістраваны і ўсё.
РР: Сведкаў з боку міліцыі не было на працэсе?
– Нікога не было.
РР: І пасля гэтага працэс быў перанесены?
– Так.
Па словах гарадзенскага незалежнага журналіста Аляксея Кайрыса вельмі важна прыходзіць на такія працэсы.
– Зараз усе незалежныя журналісты знаходзяцца ў вельмі непрыемнай сітуацыі. Дзяржава перашкаджае працаваць усімі даступнымі ёй спосабамі. Таму важна падтрымліваць калег, аказваць нейкую дапамогу і быць заўсёды побач. Салідарнасць – усё што мы маем на сённяшні дзень.
У працэсе над Ігарам Бублікавым аб’яўлены перапынак да 11 раніцы 7 кастрычніка 2020 году.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота Сяргея Апановіча