Ігар Іваноў: Брытанская беларуская супольнасць жыве ўжо 80 гадоў бесперапынна
Гісторыю беларускага кнігадругу ў Лондане працягвае выдавецтва Skaryna Press (Скарына Прэс). У мінулым годзе яно было створана пры ўдзеле Беларускай бібліятэкі і музея імя Францішка Скарыны.
Пра гэта распавёў наш сённяшні Госць Рацыі – рэдактар выдавецтва Ігар Іваноў – у гутарцы з Алісай Поль.
РР: На дадзены момант чым жыве ваша выдавецтва?
Ігар Іваноў: Мы цяпер вось толькі закончылі праграму візіту ў беларускія суполкі, у дыяспары. Мы зразумелі, што немагчыма з нашымі кнігамі дабрацца да ўсіх тых, хто хацеў бы іх чытаць праз пошту, і таму мы зладзілі такое маленькае турнэ. Спачатку была Варшава, Тбілісі, Батумі. І нарэшце завіталі ў Вільню з кнігамі. Але мы таксама рабілі і імпрэзы, якія былі крыху звязаныя з кнігамі, як, напрыклад, мы рабілі святкаванне Дня роднай мовы ў Тбілісі ў лонданскім фармаце з чытаннем паэзіі.
А ў Вільні мы зрабілі гутарку пра гісторыю беларускага кнігадруку Вялікабрытаніі, бо, калі мы былі ў Батумі, аказалася, што нашым суродзічам там надзвычай цікава было пачуць, што брытанская беларуская супольнасць жыве ўжо 80 гадоў бесперапынна. Перадае сваю гісторыю, свае арганізацыі, ініцыятывы ад аднаго пакалення да другога. І гэта нас падпіхнула задумацца пра тое, што і выдавецкая справа ў Вялікабрытаніі не пачынаецца, канешне, тут намі, і нават не пачалася паваенным пакаленнем тых, хто прыехаў у Вялікабрытанію пасля Другой сусветнай вайны. Пачалася нашмат раней, стагоддзе, ад Яна Ліцвіна, ад Аляксандра Рэпінскага ўся наша гісторыя ідзе.
У выніку мы змаглі прывезці не толькі нашы кнігі, але таксама ідэі, гісторыю для нашых суродзічаў. Мы рыхтуем шэраг новых выданняў, вось над гэтым працуем.
РР: Ці маглі б вы падрабязней распавесці пра вашыя вандроўкі ў гэтыя краіны. Што гэта былі за краіны, гарады, а таксама з якой праграмай, з якімі гасцямі вы прыязджалі?
Ігар Іваноў: Мы паўсюль вандравалі ўдвух з Уладзіславам Гарбацкім – адным з рэдактараў нашага выдавецтва. Ён таксама і аўтар, перакладчык, выкладчык у ЕГУ, жыве ў Вільні. Камусьці, магчыма, ён вядомы па публікацыях на тэму фемінізацыі ў беларускай мове. Яго часта запрашалі таксама, каб распавесці пра тое, як беларусы брахаліся ці лаяліся ў мінулым, і пра традыцыйныя спосабы брахацца па-беларуску, як бы сказаў Уладзіслаў.
Усе гэтыя вось такія нашы здольнасці і веды мы з сабой узялі. У Вільні мы спыніліся на тэме “Беларускага кнігадруку”, у Варшаве мы больш распавядалі пра выдавецтва і пра кнігі, пра нашыя планы. А вось у Тбілісі мы змаглі зрабіць і варкшоп па Вікепедыі, і адсвяткавалі Дзень роднай мовы, і паўдзельнічалі таксама ў іхнім занятку “Мовы Нанова”. А ў Батумі нашы суродзічы папрасілі нас распавесці, што ж адбываецца ў Вялікабрытаніі асаблівага, што беларусы змаглі так доўга жыць там і без перапынку перадаваць сваю традыцыю ад аднаго пакалення да другога. І цэлы дзень пра гэта размаўлялі.
Нам атрымалася таксама дапамагчы ў Батумі нашым суродзічам стварыць кнігарню ў беларускім асяродку. У іх вельмі цікавы асяродак, называецца “Аксяродак” ад імя Аксана, кабета заснавала гэты асяродак. І цяпер у іх там таксама ёсць кнігарня, мы пакінулі нашыя кнігі там. І таксама ў Вільні ёсць нашы кнігі, можна набыць у музеі імя Луцкевіча.
Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:
Беларускае Радыё Рацыя