Ігар Казмерчак: Фактычна нас зачынілі ўжо некалькі дзён таму
У Воршы зачыняецца адзіная крама нацыянальнай сімволікі «Цудоўная крама», якая атрымала пастанову ад Міністэрства надзвычайных сітуацый аб закрыцці.
Сітуацыю з крамай каментуе яе ўладальнік Ігар Казмерчак:
– Фактычна, як аказалася, крама зачынена ўжо ў нядзелю. Сітуацыя атрымалася такая, што арэндадаўца разарваў кантракт. Усе былі ўпэўненыя, што яшчэ месяц зможам прадаваць, абвесцілі распродаж і гэдак далей. Але ў суботу мне прыйшоў заказны ліст, у якім была пастанова МНС. Яны мяне шукалі, каб я падпісаў гэтую пастанову даволі доўга. Але я быў на сутках тады. У лісце было напісана, што не пазней за заўтрашні дзень мы павінны зачыніцца. Фармальна зачынена крама ўжо ў нядзелю.
Па словах Ігара Казмерчака, ціск на краму цягнуўся некалькі апошніх месяцаў:
– Што ў іх у галаве мне цяжка сказаць, таму што па ўсіх дзеяннях сілавікоў, тое, што я магу назіраць зараз, яны дзейнічаюць даволі алагічна. Яны проста кідаюцца на тых, хто больш публічны. І, напэўна, нашая крама трохі муляла вочы і выканкамаўцам, і сілавікам. Тым не менш, гэта не падстава зусім скласці ручкі, мы працавалі амаль год без крамы. І пры гэтым мы ўсё адно гандлявалі.
“Цудоўная крама” ў Воршы пасля закрыцця крамаў у Менску, Берасці і Гародні заставалася хіба адзінай крамай, дзе абслугоўванне вялося па-беларуску і дзе можна было набыць беларускую нацыянальную сімволіку.
Беларускае Радыё Рацыя