Ігар Казмерчак: Такіх жорсткіх умоваў, як у Воршы, для выступаў нідзе ў краіне няма
У Воршы працягваецца скандал вакол забароны канцэрту Сержука Доўгушава і Алеся Ясінскага з прэзентацыяй альбома “Дарогі”. Як кажа галоўны рэдактар незалежнага сайту orsha.eu Ігар Казмерчак, яшчэ некалькі месяцаў таму грамадскія актывісты дамовіліся з аддзелам культуры і асабіста з яе кіраўніком Ганнай Святловай, што перашкодаў у прадастаўленні памяшканняў для канцэртаў і сустрэч не будзе. Аднак з таго часу дзеячам беларускай культуры ніводнага разу не далі залы.
Кажа Ігар Казмерчак:
– Падымалася пытанне як раз на тэму чаму не даюць памяшканне. І тады была дасягнута дамоўленасць. Сама Ганна Аляксандраўна Святлова казала, што калі памяшканне вольнае, то няма праблемаў, мы вам дадзім памяшканне. Пасля гэтага ні разу так і не далі. Насамрэч дыялог добрая пляцоўка, але сур’ёзных вынікаў ён яшчэ, на жаль, не прынёс. Я размаўляў з арганізатарамі канцэртаў, якія працуюць у тым ліку і на міжнародным узроўні, якія беларускіх музыкаў прывозілі і ў Воршу, яны казалі, што такіх жорсткіх умоваў для выступаў нідзе ў краіне няма.
Звязацца з загадчыцай аддзелу культуры Ганнай Святловай журналістам не ўдаецца ўжо некалькі дзён. Абураныя арганізатары канцэрту і простыя аршанцы пачалі дасылаць скаргі на дзейнасць чыноўніцы і яе падначаленых. Варта адзначыць, што пры яе кіраванні ў Воршы часта сталі выступаць разнастайныя казачыя хоры і выканаўцы расейскага шансону, а вось беларускія культурніцкія імпрэзы выціснутыя з дзяржаўных пляцовак.
Кастусь Багушэвіч, Беларускае Радыё Рацыя, Ворша