Ігар Казмярчак: Пакуль я не ў Беларусі, на мяне вельмі зручна заводзіць «крыміналкі»



Аршанскі грамадскі актывіст Ігар Казмярчак, які быў вымушаны пакінуць Беларусь праз ціск сілавых структураў, даведаўся пра новую крымінальную справу, што супраць яго распачаў Следчы камітэт.

Гэта справа па частцы 1 артыкула 368 за абразу Аляксандра Лукашэнкі. У чым канкрэтна яго вінавацяць, Ігар Казмярчак не ведае. Зрэшты, гэта тычыцца і ранейшых крымінальных справаў, дзе ён меў статус падазраванага. Са жніўня 2020-га году такіх справаў было аж чатыры, і толькі адна скончылася тым, што падставаў для пакарання не знайшлі. На думку актывіста, «крыміналкі» супраць яго ператварыліся ў імітацыю дзейнасці міліцыі і следчых:

– Даволі зручна заводзіць супраць мяне «крыміналкі». Ніякіх следчых дзеянняў правесці не атрымаецца, бо я за мяжой, на допыт мяне немагчыма выклікаць, затрымаць таксама не выйдзе. Можна бясконца дасылаць да мяне ўчастковага, ён будзе складаць адпіскі, што не знайшоў мяне па такой-та прычыне… У нас жа планавая эканоміка, напэўна, і ім сказалі выконваць план – трэба як мага больш «крыміналак».

Са жніўня 2020-га году ў следчых застаецца забраная нібыта для вывучэння маёмасць Ігара Казмерчака. Гэта кубкі і адзенне з «Пагоняй» – тавары, якімі гандлявала сувенірная «Цудоўная крама». Яе давялося зачыніць праз штучныя бюракратычныя перашкоды. Таксама следчыя трымаюць у сябе кнігі, газеты і нават улёткі 20-гадовай даўніны, канфіскаваныя падчас ператрусу ў памяшканні бібліятэкі аршанскай філіі Таварыства беларускай мовы. Ігар Казмярчак не выключае, што пасля іхнага «вывучэння» крымінальная справа за абразу Аляксандра Лукашэнкі можа быць не апошняй.

Беларускае Радыё Рацыя