Ігар Казмярчак: У гэтай вайны няма логікі, яна нікому не патрэбная!
Грамадскі актывіст Ігар Казмярчак нарадзіўся ў Воршы, але праз пераслед уладаў Беларусі апынуўся за мяжой. Сёння а 5-й раніцы водгулле выбухаў ён пачуў ва ўкраінскім Чарнігаве.
Паводле ягоных назіранняў, украінцы рыхтаваліся да магчымага расейскага ўварвання яшчэ даўно. У Чарнігаве абноўлены ўказальнікі да бомбасховішчаў, дзе-нідзе крыж-накрыж заклеены вокны ў дамах, людзі загадзя запасліся прадуктамі харчавання і лекамі. І тым не менш, сёння ад самага ранку стаяць чэргі да банкаматаў, бо жыхары Чарнігава імкнуцца зняць з картак свае зберажэнні і папоўніць харчовыя запасы.
Хаця імавернасці вайны з Расеяй ніхто не выключаў, але да канца не верылася, што гэта можа здарыцца, кажа Ігар Казмярчак:
– Панікі як такой няма, людзі добразычлівыя, падтрымліваюць адзін аднаго. Але напружанасць адчуваецца. Логіка паказвае, што гэтая вайна нікому не патрэбная. У тым ліку і Пуціну. Але ён яе распачынае, бо відавочна ўжо не карыстаецца логікай. Ен карыстаецца нейкімі алагічнымі рэчамі, кшталту “увяжамся, дык застанемся ў гісторыі”. Не паддаецца гэта лагічнаму асэнсаванню.
Нягледзячы на тое, што ўдары па тэрыторыі Ўкраіны былі нанесены ў тым ліку і з Беларусі, да простых беларусаў ўкраінцы ставяцца па-ранейшаму прыязна, заўважае Ігар Казмярчак. Але асуджаюць палітыку і Пуціна, і Лукашэнкі.
Беларускае Радыё Рацыя