Ігар Комлік: Не хапае кадраў…
Адзін з лідараў прафсаюза РЭП Ігар Комлік распавёў пра складанасці ў працы незалежнага прафсаюза.
У гэтым годзе павінен прайсці чарговы справаздачна-выбарны з’езд прафсаюза РЭП, хаця дата пакуль не вызначана. А днямі адбыўся рэспубліканскі Савет прафсаюза РЭП, дзе казалі пра дасягненні і праблемы арганізацыі.
Ігар Комлік: Адно з праблемных пытанняў для нас – недахоп юрыстаў прафсаюза пры тым аб’ёме працы, што маем і той колькасці людзей, што прыходзяць да нас за дапамогай. Таму не хапае і кадраў, і часу ў тых кадраў, што маем. У выніку пры вялікай інтэнсіўнасці працы не заўсёды робіш усё якасна. Не паспяваеш наведваць усе судовыя працэсы, сур’ёзна разбірацца са скаргамі і рознымі сітуацыямі, у якія трапляюць працоўныя.
Калі ў цябе 2-3 справы, то яшчэ можна нармальна за ўсім паспяваць, але, напрыклад, я зараз адначасова вяду 7 спраў. І гэта досыць складана. Скажу шчыра: здараецца, што і працоўнага тыдня не хапае, таму даводзіцца працаваць і ў выхадныя дні. І гэты працэс – бясконцы.
РР: Зваротаў у ваш прафсаюз не змяншаецца?
Ігар Комлік: Людзі ўсё больш даведваюцца пра наш прафсаюз, а таму працы толькі дадаецца. На савеце была агучана лічба: апошнім часам у наш прафсаюз уступілі 54 чалавекі, звольніліся па розных прычынах 46. Таму, як бачым, прырост ёсць.
І запісваюцца ў шэрагі прафсаюза, як правіла, тыя, хто звяртаецца за дапамогай.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя