Ігар Кузмініч – пра стварэнне беларускай дзяржаўнасці



Тэмай гарадзенскіх курсаў “Мова нанова” стала стварэнне беларускай дзяржаўнасці. А выступоўцам перад гарадзенцамі быў былы намеснік дэкана Купалаўскага ўніверсітэта Ігар Кузмініч, які ўпершыню выступаў перад слухачамі курсаў.

Інга Сакута – вядоўца курсаў – вельмі ўсцешаная запрашэннем гэтага адмыслоўца:

– Мы запрасілі Ігара Кузмініча з дзвюма мэтамі. Па-першае, гэта сама тэма: узнікненне беларускай дзяржаўнасці. Бо многія блытаюць і, магчыма, думаюць, што гэта звязана з БНР. Па-другое, гэта тэма юрыспрудэнцыі. Бо мы хочам паказаць нашым слухачам, што беларуская мова выкарыстоўваецца не толькі на ўроках мовы і літаратуры, што гэта не толькі гісторыя і культура, але можа быць і юрыспрудэнцыя, і фізіка.

На думку Ігара Кузмініча, першай беларускай дзяржавай было Полацкае княства:

Я прытрымліваюся таго падыходу, што дзяржаўнасць узнікае дзякуючы варагам. І гэта сведчыць пра розум беларусаў, паколькі яны здолелі ва ўнутраным канфлікце знайсці трэцюю незалежную сілу – варагаў, якія не былі зацікаўлены ва ўнутраным канфлікце. І запрасілі варагаў або тыя самі прыйшлі і іх скарысталі, каб пачаць развівацца і спыніць усе канфлікты.

На сустрэчу з правазнаўцам Ігарам Кузмінічам завітала некалькі дзясяткаў гарадзенцаў рознага ўзросту. Курсы “Мова нанова” ў Гародні адбываюцца кожны панядзелак у памяшканні “Цэтра «Трэці Сектар»”, і цягам трох сезонаў на іх завітала ўжо некалькі сотняў гарадзенцаў.

[Not a valid template]

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня