Ігар Кузняцоў: Правядзенне эксгумацыі ў Курапатах неабгрунтавана



Польшча хоча правесці эксгумацыю ў Курапатах у межах пошуку пахаванняў польскіх афіцэраў, расстраляных паводле “Беларускага катынскага спісу.” Пра гэта паведаміў амбасадар Польшчы ў Беларусі падчас сустрэчы з беларускімі грамадскімі абаронцамі мемарыялу.

333ekshumacyja_fota

З гэтай нагоды гісторык Ігар Кузняцоў зладзіў прэс-канферэнцыю, на якой зазначыў, што лічыць правядзенне эксгумацыі навукова неабгрунтаваным. Да таго ж гісторыка насцярожыла згода беларускіх уладаў на эксгумацыю:

– Усё гавораць за тое, што Курапаты не з’яўляюцца адзіным месцам, дзе могуць спачываць ахвяры “Беларускага катынскага спісу.” Афіцыйныя беларускія ўлады заявілі, што палякаў не знішчалі, “Беларускага катынскага спісу” няма, лагераў у Беларусі не было, усе, хто быў расстраляныі па Катынскай аперацыі, перамяшчаліся праз Беларусь транзітам. І тое, што зараз улада так спакойна дае згоду на гэта, гаворыць пра тое, што  гэта або пустыя, вычышчаныя ад парэшткаў ямы, альбо ёсць 100% упэўненасць, што эксгумацыя ніякіх вынікаў не дасць.  

Раней у Курапатах ужо праводзіліся эксгумацыі – у 1988 і 1997 гадах, якія паказалі, што ў пахаваннях ляжаць беларускія цывільныя грамадзяне. Ігар Кузняцоў таксама зазначыў, што правядзенне чарговай эксгумацыі можа наступіць толькі пасля сур’ёзных навуковых даследаванняў, бо нельга ўвесь час без патрэбы разварушваць астанкі людзей.

2015-07-30_zavalnia_kuzniacou_ekshumacyja_fota (2)

Гісторык выказаў меркаванне, што забітыя польскія афіцэры могуць быць пахаваны ў іншых месцах масавых растрэлаў Менска, напрыклад, у Трасцянцы, дзе савецкая ўлада пасля вайны зрабіла гарадскі сметнік.

Адам Завальня, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтара