Ігар Кузняцоў: У справе адкрыцця архіваў КДБ няма ніякіх зрухаў
Пахаванні польскіх жаўнераў на тэрыторыі Беларусі, месца апошняга спачыну ахвяраў Аўгустоўскай аблавы, Беларускі Катынскі спіс. Гэтыя ды іншыя пытанні застаюцца не вырашанымі.
Пра гэта падчас канферэнцыі “Палякі ў Беларусі. Выбраныя праблемы польска-беларускіх стасункаў”, якая прайшла ў Гародні 20-21 верасня, мы паразмаўлялі з гісторыкам, даследчыкам сталінскіх рэпрэсій – Ігарам Кузняцовым:
– Я б да гэтага пераліку дадаў яшчэ і дэпартацыі ў глыб СССР. Па ўсіх гэтых праблемных пытаннях пазіцыя ўладаў Беларусі за апошнія 23 гады абсалютна не змянілася. Хоць праблемы тычацца не толькі палякаў, але таксама і этнічных беларусаў, і прадстаўнікоў іншых нацыянальнасцяў, якія спакон вякоў пражывалі на гэтых землях. З савецкіх часоў над гэтымі пытаннямі захоўваецца завеса сакрэтнасці. Хоць пасля “перабудовы” быў такі бум публікацый, у тым ліку пра Беларускі Катынскі спіс, але ў 1994 годзе, пасля таго, як да ўлады прыйшоў Аляксандр Лукашэнка, усё спынілася. Праўда, яшчэ гады два было такое зацішша, і буйныя выданні кшталту “Савецкай Беларусі” і “Рэспублікі” яшчэ па інерцыі пісалі на гэтыя тэмы да 1996 года. У мяне асабіста ў перыяд з пачатку 90-х да прыкладна 1996 года толькі ў дзяржаўных выданнях выйшла каля паўтары тысячы публікацый. Аднак у 1996-98 гадах колькасць публікацый з соцень ператварылася ў нуль. Я, а таксама іншыя аўтары, пачалі публікавацца ўжо толькі ў незалежных выданнях.
Такое “маўчанне” трывала фактычна да лютага 2017 года, калі пачалося супрацьстаянне ў сувязі з будаўніцтвам у Курапатах, калі адбыўся Круглы стол з ініцыятывы Адміністрацыі прэзідэнта, “Савецкай Беларусі”, беларускага тэлебачання.
Працягвае Ігар Кузняцоў:
– Здавалася, што ўрэшце мы ўсё дазнаемся і што тычыцца польскай праблематыкі, і што тычыцца беларускай праблематыкі. На жаль, гэтага не адбылося. Усе прапановы, якія былі выказаныя, пачынаючы ад мемарыяльнага комплексу або памятнага знаку ў Курапатах, не былі прынятыя да ўвагі. Я асабіста падчас Круглага стала звярнуўся да першага намесніка старшыні КДБ Беларусі генерала Сяргеенкі з прапановай стварыць працоўную групу з гісторыкаў і супрацоўнікаў КДБ, каб паэтапна адкрываць архівы, дакументы, каб назваць месцы пахавання, паставіць кропку ў тым жа Беларускім Катынскім спісе. Этапы перамоваў працягваліся да пачатку сакавіка. З таго часу няма ніякага зруху.
РР: На вашу думку, у чым тут галоўны камень сутыкнення? Чаму ўлады не ідуць на супрацоўніцтва ў гэтых пытаннях?
– Вось мы ўвесь час спрабуем даць адказ на гэтае пытанне, зыходзячы з нейкай логікі, але логікі ніякай няма. Сёння няма ніякіх аб’ектыўных прычын хаваць праўду аб рэпрэсіях. Ва ўмовах сённяшняй інфармацыйнай прасторы, ва ўмовах адкрытасці межаў, немагчыма падманваць людзей і казаць, што рэпрэсій і не было. Таму паводзіны ўладаў тлумачацца толькі суб’ектыўнымі прычынамі: а раптам нешта здарыцца, а раптам нешта не так. І маем гэтае “а раптам”, а адказаў на пытанні не маем. Таму любая сустрэча, абмеркаванне, канферэнцыя, на сёння – гэта адзіная магчымасць трымаць праблему ў інфармацыйным полі. Іншага шляху ў нас сёння няма.
Усе ранейшыя крокі дамовіцца па адкрыцці архіваў, устанаўленні месцаў пахаванняў, пакуль не прывялі да ніякіх маштабных вынікаў. На думку эксперта, было б добра, каб улады прынамсі не заміналі займацца гэтай тэматыкай, напрыклад, абароняць дысертацыі і г.д. “Але і гэтага няма”, – адзначае гісторык:
– Таму мары пра тое, што да 29 кастрычніка, да неафіцыйнага Дня памяці ахвяраў рэпрэсій у Беларусі, прынамсі ў Курапатах будзе ўсталяваны памятны знак з удзелам дзяржавы, яны ўжо не ажыццявяцца. У пытанні адкрыцця архіваў у Беларусі ўвогуле ёсць свой падлік. Паводле закона ёсць тэрмін 75 гадоў для адкрыцця справы ў архіве, а ў нас аказваецца тэрмін лічыцца ні з моманту адкрыцця справы, калі чалавека арыштавалі, а з моманту яго рэабілітацыі.
То бок працэс адкрыцця архіваў адсоўваецца ўжо на адно-два пакаленні наперад у лепшым выпадку. Мы не атрымаем у бліжэйшай перспектыве ніякай інфармацыі.
Гісторык Ігар Кузняцоў налічыў 124 месцы масавых расстрэлаў ахвяраў савецкіх рэпрэсій, у тым ліку 12 — у Менску і яго ваколіцах. Пра гэта ён заявіў сёлета на пасяджэньні аргкамітэту гісторыка-асветніцкага аб’яднання “Вяртанне памяці”, якое адбылося 18 студзеня ў Менску.
Як перадаў БелаПАН, паводле Ігара Кузняцова, расстрэлы праходзілі сама меней у 48 населеных пунктах: Менску, абласных і буйных раённых цэнтрах, іншых месцах. З яго прыкладных падлікаў вынікае, што 370 тысяч чалавек маглі быць расстраляныя падчас рэпрэсій у 1917-1953 гадах, што, адзначыў ён, адрозніваецца ад афіцыйнай лічбы больш чым у 10 разоў.
Гутарыла Яна Запольская. Беларускае Радыё Рацыя