Ігар Лосік спыніў галадоўку
Ігара Лосіка змясцілі ў карцар. Ён спыніў галадоўку. За кратамі палітвязень ужо 263 дні. Зараз ён трымаў сухую галадоўку чацвёра сутак.
Палітзняволены блогер Ігар Лосік абвясціў сухую галадоўку ў чацьвер 11 сакавіка на знак пратэсту супраць новых абвінавачанняў. Па якім арытыкуле яны прад’яўленыя, пакуль невядома. Адвакат Ігара Дзмітрый Лепрэтар знаходзіцца пад падпіскай аб неразгалошванні. Раней Ігара ўжо абвінавачвалі ў падрыхтоўцы да парушэння грамадскага парадку і падрыхтоўцы да ўдзелу ў масавых беспарадках. Пасля апошняга абвінавачання, выстаўленага ў сярэдзіне снежня, палітвязень трымаў галадоўку пратэсту, якая працягвалася 42 дні.
У чацвер 11 сакавіка жонка палітвязня Дар’я выступіла з адкрытым зваротам да Аляксандра Лукашэнкі, у якім заклікала яго вызваліць яе мужа. Спыніць новую галадоўку Ігара Лосіка папрасіла Святлана Ціханоўская.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота: „Радыё Свабода”