Ігар Макар: Гэта чарговы цырк з боку ўладаў



«Беларускі Народны трыбунал» заклікае родных будучых дэлегатаў так званага Усебеларускага народнага сходу паразмаўляць з імі, каб тыя знайшлі ў сабе мужнасць адмовіцца ад удзелу ў гэтым мерапрыемстве.

Ігар Макар, фота з асабістага архіва

З такім зваротам выступіў былы намеснік камандзіра баявой групы «Алмаз», а цяпер прадстаўнік грамадзянскай ініцыятывы «Беларускі народны трыбунал» Ігар Макар:

– Хутка ў Менску адбудзецца Усебеларускі народны сход, якім цяперашняя незаконная ўлада спрабуе сябе легітымізаваць. Усе мы разумеем, што  гэта чарговы цырк з боку ўладаў, у які, на жаль, уцягнутыя і члены вашай сям’і. Цяперашняя нелегітымная ўлада, якая амаль поўнасцю знаходзіцца пад санкцыямі, цягне за сабой і вашых родных. Мы ведаем, што на будучых удзельнікаў з’езду ціснуць. Мы ведаем, як складана гэта вытрымаць. Калі ваш родны апынуўся ў такой сітуацыі, калі ласка, звярніцеся да нас, мы дапаможам знайсці выхад. Просім вас усёй сям’ёй сесці за стол і абмеркаваць усе плюсы і мінусы ў гэтым сходзе, а таксама ўсе наступствы рашэння.

Ігар Макар папярэдзіў, што прозвішчы ўдзельнікаў з’езда будуць апублікаваныя, а яны самі і іх сем’і рызыкуюць трапіць у санкцыйныя спісы многіх краінаў свету. «За прыняцце нелегітымных рашэнняў давядзецца адказваць у недалёкай будучыні», – дадаў прадстаўнік грамадзянскай ініцыятывы «Беларускі народны трыбунал». З яго слоў, мерапрыемства таксама небяспечнае з-за чарговай хвалі каронавірусу ў Беларусі.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя