Ігар Маслоўскі: Медыцына Берасця павінна палепшыць дыягностыку



Актывісты арганізацыі “За свой горад” у Берасці ў бліжэйшы час пачнуць збор подпісаў пад зваротам за павышэнне якасці і даступнасці аховы здароўя ў Берасці.

Размова ідзе пра апаратуру магнітна-рэзананснай тамаграфіі і кампутарнай дыягностыкі, якая дазваляе дыягнаставаць хваробу на ранняй стадыі, кажа кіраўнік арганізацыі Ігар Маслоўскі:

– Пазіцыя арганізацыі „За свой горад” такая: у кожным шпіталі, гэта паліклініка ці бальніца, павінен быць свой апарат МРТ і апарат КТ і мінімум два апараты УЗІ. Бо гэта ў першую чаргу важна для дыягностыкі. Калі ў чалавека выяўляюцца захворванні на ранніх стадыях, адпаведна яго жыццё павялічваецца на 5-10 гадоў. Таму ў нас такое кароткае жыццё ў параўнанні з еўрапейцамі, амераканцамі ці тымі ж японцамі.

Паводле Ігара Маслоўскага, планавалася, што у 19-м годзе ў Берасце паступяць два новых апараты МРТ і адзін КТ. Але на самай справе паступіць адзін апарат МРТ і адзін КТ. Гэтага далёка недастаткова. На бясплатнай чарзе на прахаджэнне агляду на гэтых апаратах трэба стаяць каля году, на платнай – месяц і болей. Гэта ненармальна. Такая апаратура павінна быць ў кожнай раённай бальніцы. На ўсю Беларусь патрэбна 200 тамографаў, коштам 300 мільёнаў даляраў. Беларусь можа сабе гэта дазволіць, калі ёсць грошы на дарагія забаўкі, як правядзенне Еўрапейскіх гульняў.

Беларускае Радыё Рацыя