Ігар Маслоўскі: Просім вобласць выдаткаваць грошы на будаўніцтва моста



У Столінскім раёне актывісты арганізацыі “За свой горад” дамагаюцца будаўніцтва пешаходнага моста праз раку Гарынь. Такі мост звязаў бы на стала вёску Хорск з Давыд-Гарадком. Як расказаў у інтэрв’ю для нашага радыё кіраўнік арганізацыі Ігар Маслоўскі, у цёплы перыяд году праз раку ўсталёўваецца пантонны мост, але зімой яго прыбіраюць. Аўтобус цяпер ходзіць толькі ў буднія дні, а ў выходныя вяскоўцы, каб не ісці пешшу каля дзясятка кіламетраў, рызыкуюць жыццём і пераходзяць раку па лёдзе.

– Мы арганізавалі збор звыш 500 подпісаў сярод сельскага насельніцтва і накіравалі ў Столінскі райвыканкам. Але мы атрымалі адказ, што раён жыве на датацыях, каля 50%, і ў іх на будаўніцтва такога моста няма грошай. Мы не спыняемся. І зараз накіравалі гэты зварот у Берасцейскі абласны выканаўчы камітэт і просім каб вобласць выдаткавала грошы на будаўніцтва такога моста.

Адказу ад абласных уладаў пакуль не было. Але, як зазначыў Ігар Маслоўскі, нават калі адказ будзе адмоўным, актывісты маюць намер працаваць па гэтым пытанні і надалей. Тым больш, што арганізацыя “За свой горад” ужо мае станоўчы досвед у вырашэнні розных праблем жыхароў берасцейскага рэгіёну.

Цалкам гутарка:

Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя