Ігар Маслоўскі: Салідарнасць заўсёды перамагае
Як вайна ва Украіне змяніла жыццё жыхароў Берасцейшчыны? Ці стане 2023 год пераломным? А таксама калі і пры якіх умовах пачнуцца змены ў самой Беларусі?
Пра гэта ды іншае мы паразмаўлялі з „Госцем Рацыі” грамадскім дзеячам з Берасця Ігарам Маслоўскім.
РР: Пачнем з цяжкай тэмы, як вайна ва Украіне. Тэмы, напэўна, якая ў большасці з нас забірае частку нашых думак, жыцця перажыванняў. Ведаю, што пасля пераломных падзеяў 2020 года ў вашым асабістым жыцці таксама быў украінскі перыяд і вайну вы таксама заспелі ва Украіне. Падзяліцеся, калі можна, гэтымі эмоцыямі, уражаннямі і перажываннямі.
– Я разам з усімі ўкраінцамі, многімі беларусамі, якія там апынуліся, перажыў, больш за восем месяцаў, усе гэтыя пакуты і радасці, нязгоды, усё добрае і дрэннае, што адбывалася ва Украіне. Я быў у Заходняй Украіне і ўсё гэта адчуваў на той час разам з украінцамі, з простымі людзьмі. З аднаго боку, Байдэн заявіў, што будзе вайна, будзе ўварванне, але да апошняга чалавек не верыў, што магло пачацца поўнамаштабнае ўварванне. Што ракеты будуць ляцець не толькі на Данбасе, як усе ўжо трохі прызвычаіліся, але будуць ляцець па ўсёй тэрыторыі Украіны, у тым ліку па заходняй, па Львову, таму гэта было шокам. Мільёны людзей выехалі, але я для сябе вырашыў, што буду доўгі час ва Украіне, пакуль мне дазваляе заканадаўства, бо яна стала для мяне другой радзімай. Я сам нарадзіўся на Палессі, некалькі кіламетраў ад Украіны, у нас нават палеская мова падобная да ўкраінскай, таму з гэтага боку мне было значна прасцей. Заўсёды ўспамінаю Украіну, заўсёды хочацца „спілкуватися українською”. Што тычыцца адносін, то маральныя пачуцці былі розныя, бо душа і сэрца разрываліся. З аднаго боку таму, што з Беларусі было ўварванне, мы нясём пэўную адказнасць. З Другога боку адносіны з мясцовымі жыхарамі, я жыў у невялікім гарадку, шмат хто ведаў, што я беларус. За ўвесь час мне там не тое, што ніхто ў твар не плюнуў, але і дрэннага слова не сказаў за гэты час. Мы ведаем, што ў інтэрнэце гэты хайп падымаюць, але заўсёды ў прыватных размовах, калі прыватна размаўлялі, з вайскоўцамі на блокпастах ці са звычайнымі грамадзянамі, дык я скажу, што было вельмі нармальнае стаўленне. Даводзілася казаць, што абсалютная большасць беларусаў супраць вайны, грамадская думка ў Беларусі супраць вайны. Нам трэба далей працаваць у гэтым накірунку. Нават рэжым не адважыўся ўводзіць войскі. Калі б у Расеі абсалютная большасць не падтрымлівала вайну, то нават Пуцін, які б ён там не быў, або Патрушаў, ніколі б не адважыліся на такое ўварванне.
Цалкам гутарку слухайце ў далучаным гукавым файле.
Беларускае Радыё Рацыя