Ігар Мельнікаў: Абарона Берасцейскай крэпасці была мужнай старонкай гісторыі
Госць Рацыі – кандыдат гістарычных навук, спецыяліст па вайсковай гісторыі, даследчык даваеннай савецка-польскай мяжы – Ігар Мельнікаў.
РР: Гаворым пра абарону Берасцейскай крэпасці. Сёння мінула роўна 77 гадоў з таго часу, як 22 чэрвеня 1941 года нямецкія войскі перакрочылі мяжу Савецкага Саюза. Аднымі з першых, хто прыняў удар ворага, былі салдаты і афіцэры Берасцейскай крэпасці. Для іх напад быў нечаканым?
– Насамрэч пра вайну ведалі ўсё: пачынаюся ад апошняга жаўнера і да апошняга мірнага жыхара. Вайна працягвалася ў Берасці з 1939 года. Безумоўна, была канцэнтрацыя нямецкіх войскаў зусім побач з Берасцем і Берасцейскай крэпасцю. Гэта адчувалі ўсе, хто знаходзіўся ў гэтым горадзе. Але кіраўніцтва, і тут вялікая праблема, забараняла вывозіць сем’і ў адпачынак ці ў больш далёкія часткі БССР. Вайсковае кіраўніцтва пры гэтым сканцэнтравала такую колькасць войскаў у гэтай старой царскай крэпасці, што потым прывяло да вялікай трагедыі. Гэты момант варта ўлічваць, калі мы расказваем пра, безумоўна, трагічную і гераічную старонку вайсковай гісторыі Беларусі, якая звязана з абаронай Берасцейскай крэпасці. Таксама інфармацыя ТАСС, якая за дзевяць, здаецца, дзён да пачатку вайны была, што Германія не збіраецца атакаваць, стварыла дзіўную абстаноўку, калі Крэмль пра вайну нічога не казаў, але вайна прыйшла, і стала жудасным выпрабаваннем, і застаецца чорнай старонкай у гісторыі Беларусі.
РР: Паведамляецца, што на час пачатку штурму ў крэпасці было ад сямі да васьмі тысяч савецкіх салдат, жыло 300 сем’яў вайскоўцаў. Гэта праўдзівыя лічбы?
– Прыкладна столькі і было. Праўда, афіцыйна на час вайны ў крэпасці павінен быў быць толькі адзін батальён, а ўсё астатнія часткі павінны былі быць выведзеныя і змагацца альбо ў Берасцейскім умацаваным раёне, або адыйсці і спалучыцца з часткамі Чырвонай Арміі. Насамрэч гэтага не адбылося. 45-ая пехотная дывізія Вермахта, аўстрыйская дарэчы, вельмі хуценька блакіравала гэтую крэпасць, і з першых гадзін абароны шмат чырвонаармейцаў былі вымушаныя здавацца ў палон, там тысячы людзей. Абаронцамі сталі тыя цэнтры, дзе быў камандзір і дзе хапала ініцыятывы з боку хаця б малодшага камандзіра, вакол якога арганізоўваліся баявыя групы. Такія людзі як маёр Гаўрылаў, камісар Фамін, яны якраз і сталі кіраўнікамі гэтай абароны.
РР: Ці былі роўнымі сілы, калі казаць пра ўзбраенне? Гаворыцца пра тое, што нямецкае войска было лепш узброеным?
– Справа ў тым, што канцэнтрацыя савецкіх войскаў у Заходняй Беларусі была не стратэгічнай, яна была практычнай, калі можна так сказаць. Войскі канцэнтраваліся там, дзе была інфраструктура, казармы і гэтык далей. І ўсю гэтую колькасць войскаў загналі ў гэтую старую крэпасць, дзе таксама знаходзіліся цывільныя. Калі параўнаць з абаронай Берасцейскай крэпасці ў 1939 годзе, то тады польскае войска вывела ўвесь цывільны персанал з крэпасці і змагаліся толькі жаўнеры. У 1941 годзе там аказаліся і сем’і камсастава, і дзеці, і абслугоўваючы персанал, і памежнікі там былі 17-га Чырвонасцяжнага памежнага атрада. Там былі вялікія часткі, якія апынуліся ў вельмі цяжкай сітуацыі. Яны апынуліся ў атачэнні з першых хвілін нападу Германіі на Савецкі Саюз, і вымушаныя былі ў гэтай сітуацыі неяк каардынаваць свае дзеянні. Самае жудаснае, што савецкая вайсковая дактрына была звязаная з наступленнем, а не абаронай, таму чырвонаармейцы, якія абараняліся ў крэпасці, верылі, што хутка прыйдзе дапамога, хутка іх адаб’юць, і хутка фронт будзе рухацца ўжо на Захад.
РР: Колькі ўсё ж цягнулася гэтая абарона? Ведаем, што немцам удалося авалодаць галоўнымі ўмацаваннямі да канца чэрвеня. Аднак паведамляецца і тое, што савецкія салдаты працягвалі змагацца нават пасля 20 ліпеня. І што да гэтых дзён адносяцца надпісы, што пакінулі на сценах крэпасці яе абаронцы: “Памром, але з крэпасці не пойдзем”, “Я паміраю, але не здаюся. Бывай, Радзіма. 20.VII.41 г.”…
– Арганізаваная абарона была цягам першага тыдня вайны, калі яшчэ былі камандзіры. Той жа маёр Гаўрылаў вельмі доўга змагаўся. Наколькі вядома, самым апошнім абаронцам афіцыйным быў савецкі лейтэнант, якога захапілі 27 ліпеня 1941 года. Ёсць нямецкія дакументы, дзе пазначана, што гэты лейтэнант аказаў супраціў ці страляў па нямецкім падраздзяленні, якое зачышчала на тэрыторыі крэпасці нейкую пабудову. Хоць, можна сказаць, што арганізаванай абароны ўвогуле не было, яе і не магло быць, бо там не плаваналася ніякай абароны. Аднак чырвонаармейцы, якія там аказаліся, былі вымушаныя гераічна змагацца. Безумоўна, не хапала сіл, арганізацыі, камандавання, там спачатку былі жорсткія баі, пазней немцам удалося рассекчы ачагі абароны і патроху іх знішчаць, але да канца лета яшчэ чуліся стрэлы, немцам даводзілася абыходзіць бокам гэтыя старыя казематы.
РР: То бок у кожным выпадку, гэта было мужнае і гераічнае змаганне?
– Напэўна, гэта была мужная старонка гісторыі Савецкага саюза і Беларусі, у прыватнасці. Людзі апынуліся ў вельмі цяжкіх умовах і вымушаныя былі гераічна змагацца. Той жа 132-і канвойны батальён, які займаўся дэпартацыяй насельніцтва з Берасцейскай, Баранавіцкай, Пінскай абласцей у 1940-1941 гг., быў вымушаны змагацца, шмат яго жаўнераў загінула. Варта памятаць кожнага абаронца і не паўтараць савецкіх памылак, калі толькі ў 1960-ыя гады ўзгадалі тых герояў, якія абаранялі Берасцейскую крэпасць, а шмат хто з іх у пасляваенныя гады яшчэ паспелі пасядзець у савецкіх лагерах за тое, што яны гераічна змагаліся супраць нацыстаў з першага дня нападу Германіі на Савецкі Саюз, але трапілі ў нямецкі палон.
РР: Таксам і маёр Пётр Гаўрылаў трапіў у палон…
– Ён не сядзеў, але знаходзіўся ў розных нямецкіх лагерах. Пасля вайны праходзіў фільтрацыю і яго доўгі час нікуды не дапускалі. Увогуле ў Савецкім Саюзе позна гэтая праўда пра абаронцаў крэпасці стала вядомая. Калі ж паглядзець на шыльды герояў, то збольшага ў 1960-ыя гады, ужо пасмяротна, яны сталі атрымліваць узнагароды. Раней пра іх не ўзгадвалі. Праўда, у 1942 годзе савецкія спецыяльныя органы захапілі нямецкія дакументы, з якіх прачыталі, што пад Берасцем, у крэпасці, адбываліся нейкія жорсткія баі. Пры гэты трэба падкрэсліць, што кантэкст абароны Берасцейскай крэпасці варта разглядаць не толькі з чэрвеня 1941 года, але таксама з верасня 1939-га.
РР: Чаму ўсё ж так важна немцам было ўзяць Берасце і Берасцейскую крэпасць?
– Сама крэпасць не ўяўляла нейкай стратэгічнай важнасці для нацыстаў. Берасце як галоўны чыгуначны, транспартны вузел, сапраўды ўяўляў цікавасць для нацыстаў. І Берасце ў першыя гадзіны пасля нападу Германіі на Савецкі Саюз сапраўды было захоплена. На чыгуначным вузле змагаліся савецкія міліцыянеры, чырвонаармейцы, але іх сіл не хапала, каб абараніць Берасцейскі вакзал ці чыгуначны вузел. Калі казаць пра крэпасць, то ніхто не думаў, што яна стане цяжкім выпрабаваннем для нямецкага войска. Той жа самы Гудэрыян, канешне, памятаў яшчэ верасень 1939 года, калі там змагаўся супраць польскіх войскаў, але крэпасць не была важнай стратэгічнай кропкай. Умацаванні на старой мяжы, умацаванні лініі Молатава, іх немцам трэба было прайсці, і яны хуценька іх прайшлі, бо савецкі бок не паспеў іх дабудаваць, а ў крэпасці меркавалася не будзе ніякіх баёў. Хоць, магчыма, што самі немцы і стварылі гэты кацёл, таму што яны атачылі гэтую крэпасць і прымусілі тысячы савецкіх жаўнераў мужна змагацца. Самі немцы пазначалі гэты гераізм, мужнасць людзей, якія без вады, без ежы, без нічога, ішлі з “голым штыком” у атаку. Пра гэта варта памятаць, канешне.
РР: На вашую думку, што галоўнае кожны з нас павінен ведаць пра абарону Берасцейскай крэпасці, што павінна быць напісанае ў тых жа школьных падручніках?
– Напэўна, трэба прыбраць тое, што 21 чэрвеня 1941 года – гэта апошні мірны дзень. Гэта няпраўда, бо вайна працягвалася з 1 верасня 1939 года. Але Заходнюю Беларусь спрабавалі саветызаваць, і савецкія войскі ўвайшлі сюды акурат у верасні 1939 года. Другое, важна падкрэсліваць гераізм людзей, якія апынуліся ў вельмі цяжкай і жудаснай сітуацыі, і пры гэтым да канца былі верныя прысязе, Радзіме і загаду. Варта паказваць не толькі гераізм, але і трагедыю звычайнага жаўнера, звычайнага цывільнага чалавека, звычайнай жанчыны, якая там апынулася ў цяжкай сітуацыі на парозе смерці. Пра гэта варта памятаць, гаварыць, пісаць, як і пра тое, што вайна пачалася нават з 23 жніўня 1939 года, калі быў заключаны пакт Рыбентропа-Молатава, але гэта не адмяняе гераізм звычайнага жаўнера, які гінуў у чэрвені 1941 года, каб потым адбылася перамога ў траўні 1945-га.
Цалкам размова:
Гутарыла Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя