Ігар Мельнікаў: Рэпрэсіі 1939-41 моцна закранулі і беларусаў



5 сакавіка 1940 года згодна з пастановай савецкага кіраўніцтва пачаліся расстрэлы і дэпартацыі польскіх ваеннапалонных і членаў іх сем’яў. Шэраг дакументаў і па сёння знаходзіцца пад грыфам сакрэтнасці, беларускі палітычны рэжым альбо адносіць гэтую праблему да выключна польскіх пытанняў альбо проста ігнаруе ўсе запыты гісторыкаў, даследчыкаў і нашчадкаў рэпрэсаваных. Аднак усё адно пакрысе праўда пра тыя падзеі, дэталі біяграфіі расстраляных і дэпартаваных робяцца вядомымі.

Кастусь Багушэвіч паразмаўляў з сённяшнім „Госцем Рацыі”, гісторыкам, які спецыялізуецца на тэме савецка-польскай мяжы Ігарам Мельнікавым:

РР: Дакументы 15-га памежнага атраду „Заслаўе”, якую інфармацыю там можна знайсці?

Ігар Мельнікаў: Насамрэч гэтага архіва няма няма, бо ён загінуў у 1941 годзе ў Беластоку. Увесь архіў памежных войскаў знаходзіўся ў Беластоку ў 1941 годзе і на вялікі жаль ён быў знішчаны. Разам з тым ёсць матэрыялы пра даваенную савецка-польскую мяжу. У маёй кнізе „На мяжы цывілізацый” барацьба выведак вельмі добра паказана. Тады амаль кожнага жыхара памежжа, як з савецкага, так і з польскага, выкарыстоўвалі выведкі. Гэтыя людзі потым станавіліся аб’ектамі рэпрэсій. Вельмі часта, калі я працую над гэтымі дакументамі, працую над матэрыяламі, я проста бачу прозвішчы, я іх выпісваю, суадношу з дадзенымі пра рэпрэсаваных і атрымліваецца, што гэтыя людзі ў асноўным станавіліся аб’ектамі сталінскіх рэпрэсій. Вельмі часта 68 артыкул – гэта як раз супраца з замежнай выведкай, за што чалавека знішчалі – расстрэльвалі. Савецкіх дакументаў пасля 1939 года ў нас амаль няма – гэта праблема. Архівы спецыяльных службаў Беларусі закрытыя, там захоўваецца большасць матэрыялаў па рэпрэсіям. Хаця я лічу, што асноўны масіў дакументаў знаходзіцца ў Маскве. Разам з тым, у сваёй кнізе „Верасень 1939-га. Магілы „неаб’яўленай” вайны” я прыводжу прозвішчы людзей, якія хутчэй за ўсё знаходзіліся ў „беларускім катынскім спісе”. Гэтыя матэрыялы я знайшоў праз сваякоў, у асноўным гэтыя людзі жывуць у Польшчы. Яны прадстаўлялі мне матэрыялы. Да гэтага дня яны не ведаюць пра лёс гэтых людзей. Яны зніклі на тэрыторыі Беларусі і гэтых людзей няма. Зразумела, што яны хутчэй за ўсё ляжаць альбо ў Курапатах, альбо на дачы Цанавы, альбо дзесьці яшчэ. Я лічу, што самае галоўнае ў кантэксце катынскага злачынства – гэта наблізіць гэтую тэму, зрабіць яе зразумелай для сучаснага беларускага грамадства. Дзеля гэтага варта рабіць усё – выставы, матэрыялы і распаўсюджваць гэтыя дадзеныя як мага актыўней. 

РР: Па якіх артыкулах людзі прыцягваліся да адказнасці?

Ігар Мельнікаў: Самым распаўсюджаным служба ў замежным войску. Людзі былі замежнікамі, грамадзянамі іншай краіны, але для іх служба ў Войску Польскім – гэта была здрада Радзіме, хаця якой Радзіме, яны былі грамадзянамі іншай краіны. Крымінальны кодэкс РСФСР і БССР ён адрозніваўся па артыкулах і артыкул 68 па БССРаўскім кодэксе ён прыкладна адпавядаў 58 артыкулу палітычных злачынстваў РСФСР. Вельмі часта, напрыклад, выкарыстоўвалася такое абвінавачанне, як сацыяльна-небяспечны элемент ці эксплуататар. Гэта тычылася не вайскоўцаў, гэта тычылася асаднікаў ці нейкіх памешчыкаў. Хаця які памешчык, калі чалавек меў сваю зямлю пад Маладэчнам каля мяжы, меў там сваю гаспадарку, але буйную. Для саветаў гэта быў небяспечны сацыяльны элемент, які трэба было прыбраць. Часцей за ўсё па гэтых артыкулах не расстрэльвалі, а давалі 8-10-25 гадоў папраўчых лагераў. 

РР: Колькі сярод іх было не палякаў – беларусаў, украінцаў?

Ігар Мельнікаў: Калі мы кажам пра „беларускі катынскі спіс”, то тут можна прыгадаць Вячаслава Багдановіча – гэта сенатар Другой Рэчы Паспалітай, які выступаў абаронцам беларусаў. Гэты чалавек верагодна апынуўся ў „беларускім катынскім спісе”. Увогуле сярод афіцэраў Войска Польскага ці супрацоўнікаў паліцыі этнічных беларусаў было не так шмат, але таксама трапляліся. Рэпрэсіі 1939-1941 гадоў вельмі моцна закранулі ў тым ліку і беларусаў. Напрыклад, падчас дэпартацыі ахвярамі часта станавіліся ляснічыя. Сярод супрацоўнікаў лясной аховы было вельмі шмат этнічных беларусаў, іх арыштоўвалі, а сем’і дэпартавалі ў Казахстан ці ў Сібір і г. д. У маёй калекцыі вельмі шмат дакументаў, якія тычацца тых жа ляснічых. Дакладныя лічбы колькасці рэпрэсаваных беларусаў няма, але гэта таксама беларуская трагедыя, бо сярод ахвяр было вельмі шмат этнічных беларусаў.

Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:

З гісторыкам Ігарам Мельнікавым пра расстрэлы польскіх ваеннапалонных савецкай уладай размаўляў Кастусь Багушэвіч.

Беларускае Радыё Рацыя