Ігар Мельнікаў: Сёлета 75-я гадавіна бітвы пад Монтэ-Касіна



Вялікі брытанскі фестываль адбыўся ў Верхнім горадзе ў Менску. Гісторык-рэканструктар Ігар Мельнікаў прыйшоў на свята ў брытанскай форме афіцэра-беларуса з войска генерала Андэрса.

Кажа Ігар Мельнікаў:

– Я сёння ў мундзіры беларуса-“андэрсаўца”, афіцэра Другога польскага корпуса. Людзі падыходзяць і пытаюць: “А якім чынам вось гэты мундзір тычыцца да дня Вялікай Брытаніі, тычыцца менавіта да беларускай гісторыі. І я раблю гістарычную лекцыю, тлумачу людзям, расказваю, што ў гэтым годзе ў нас 75-я гадавіна бітвы пад Монтэ-Касіна, бітва, у якой удзельнічалі тысячы беларусаў, бітва, у якой сотні беларусаў назаўсёда засталіся на могілках у Монтэ-Касіна. Ну, і безумоўна, брытанская амбасада пра гэта памятае, брытанская амбасада выдае дублікаты ўзнагарод нашчадкам беларускіх “андэрсаўцаў”.

Адметнае месца на фэсце займелі і беларускія выдаўцы, літаратары, якія прадставілі пераклады англамоўнай літаратуры на беларускую не толькі кніжкамі, але і тэатральнымі пастаноўкамі.

Максім Каўняровіч, Беларускае Радыё Рацыя, Менск