Ігар Мельнікаў прэзентаваў у Варшаве новую кнігу
«Амерыканскія даляры і царскія чырвонцы – галоўная валюта міжваенных кантрабандыстаў» — гэтую і многія іншыя цікавінкі распавёў доктар гістарычных навук, шматгадовы даследчык польска-савецкага памежжа, Ігар Мельнікаў, які завітаў у польскую сталіцу са сваёй новай кнігай «Мяжа ля Заслаўя 1921-1941 гг».
«У беларускай гістарыяграфіі савецка-польская мяжа апісваецца вельмі слаба, а тут я падаю не проста гістарычныя падзеі, але таксама гісторыі звычайных беларусаў, у прыватнасці жыхароў Заслаўскага памежжа», — гаворыць аўтар.
— Гэта блізка ад Менска, 20 кіламетраў, і людзі з Усходу, з БССР і людзі з Захаду, з Заходняй Беларусі, жылі штучна падзеленыя рыжскай мяжой. Яны былі вымушаныя займацца кантрабандай, пераходзіць гэтую мяжу. Была, безумоўна, вайна выведак. Усе гэтыя факты ўпершыню паказаныя ў гэтай кнізе, апісаныя на даволі багатым архіўным матэрыяле: гэта і здымкі, і ўспаміны, і матэрыялы, і дакументы.
Прэзентацыя кнігі Ігара Мельнікава адбылася ў Беларускім доме ў Варшаве.
Кася Бергель, Балерускае Радыё Рацыя, Варшава
Фота аўтара