Ігар Салавей: Праблемы пачынаюцца, калі нас прывозяць на следчыя дзеянні



“Умовы ў баранавіцкім ШЫЗА зносныя, але праблемы пачынаюцца ў пінскім ізалятары, калі нас прывозяць на следчыя дзеянні”, – паведаміў у лісце палітычны вязень Ігар Салавей.

Пінчука затрымалі 3-га верасня і выставілі абвінавачванні па артыкуле “масавыя беспарадкі” за ўдзел у акцыі пратэсту каля Пінскага гарадскога выканкаму ўночы з 9-га на 10-е жніўня. Тады ў Пінску адбыліся жорсткія сутычкі з міліцыянтамі.

“Гэта помста сілавікоў”, – адзначае старшыня пінскай арганізацыі Сацыял-дэмакратычнай партыі “Грамада” Вераніка Іванова:

– Заўжды да людзей, якія здзейснілі правапарушэнні ў адносінах супрацоўніках праваахоўных органаў, былі крайне жорсткія дачыненні, да іх ужываўся фізічны і маральны гвалт… Трэба разумець, што ўсе пісьмы праходзяць цэнзуру. Наколькі я разумею сітуацыю, затрыманыя падвяргаюцца жорсткаму прэсінгу. І ў выпадку асуджэння, калі мы не даможамся вызвалення, яны будуць асуджаны, то іх умовам не пазайздросціш.

Беларуская праваабарончая супольнасць прызнала Ігара Салаўя палітвязнем у верасні. Акрамя яго ў спісе яшчэ шэсць пінчукоў, якія знаходзяцца ў баранавіцкай калоніі, гэта: Раман Багнавец, Данііл Богнат, Станіслаў Міхайлаў, Вячаслаў Рагашчук, Алег Рубец і Артур Халімончык.

Беларускае Радыё Рацыя