Ігар Салавей: Я трымаюся і вы трымайцеся!
Палітычны вязень Ігар Салавей, які знаходзіцца пад арыштам у Баранавіцкім следчым ізалятары №6, у нешматлікіх лістах крыху распавёў пра ўмовы і падзяліўся сваім адчуваннем сітуацыі з-за кратаў. Лістоў мала не з-за таго, што іх не пішуць – шмат не прапускае адміністрацыя СІЗА, як з волі, так і на волю.
Аўтар гэтых радкоў стаў ліставаць свайму сябру і паплечніку яшчэ напрыканцы верасня, але першая карэспандэнцыя дайшла Ігару 3 снежня. Атрымалася сімвалічнае супадзенне, бо затрымалі яго 3 верасня, таму ўсталяваць якую ні якую сувязь давялося на трэці месяц зняволення і з трэцяй спробы. У двух папярэдніх лістах аніякай таямніцы не было, нават асабліва і палітычнага зместу, прывітанні ад знаёмых, словы падтрымкі і г.д. Значыць “цэнзары” палічылі нешта непрымальным або звычайны псіхалагічны ціск, маўляў пра цябе ўсе забыліся…
Ігар Салавей у рэдакцыі краязнаўчага часопіса “Echa Polesia”.
Салавей з’яўляецца фігурантам крымінальнай справы (арт. 293 ч.2 “Масавыя беспарадкі”) за гучную акцыю пратэсту ўноч з 9-га на 10-е жніўня. Кораценька нагадаю тыя падзеі. Перад закрыццём выбарчых участкаў жыхары Пінска пачалі збірацца ў гістарычным цэнтры на пешаходнай вуліцы Леніна. Неўзабаве натоўп арганізаваўся каля будынка мясцовага гарадскога выканаўчага камітэта, дарэчы ў гэтым жа будынку знаходзіцца і раённы выканаўчы камітэт. Вакол “стратэгічнага аб’екта” ўжо было ачапленне міліцыянтаў у баявой амуніцыі. Людзі, а гэта па розных падліках 2-5 тысяч, патрабавалі толькі аднаго – агучыць вынікі галасавання па Пінску. Калі пінчукам паведамілі пра цяжка ўяўляемыя 80% з гакам, то натоўп абурыўся. Удзельнікі стыхійнага мітынгу выказвалі недавер да падліку галасоў, абяцалі, што не разыдуцца пакуль не пачуюць праўды. Праз некаторы час у гарвыканкам прапусцілі групу дэлегатаў для перамоў. Ніякага сэнсу тое не дало. Людзі працягвалі стаяць і выказваць абурэнне вынікамі так званых выбараў. Ужо а поўначы натоўп радзеў і пэўна, калі б не спробы сілавікоў узяць дэманстрантаў у атачэнне, то сутычкі б не было. Прынамсі каля будынку адміністрацыі. Пэўна відэа сутычкі пабачылі сотні тысяч чалавек. Гадзіна-другая і пайшлі б па хатах, бо не было аніякай каардынацыі мітынгу і стаянне вымотвала, а тым больш, калі пінчукі выказаліся, хваля эмоцый сыходзіла. Адбылося тое, што адбылося…
Са свайго боку міліцыянты ўпэўненыя, што тады выратавалі Пінск ад пагромаў і хаосу. Ужо літаральна праз тыдзень, калі жыхары Пінска збіраліся на масавыя сходы на галоўнай плошчы, старшыня мясцовага ГАУСа Дзмітрый Каравякоўскі прапанаваў пратэстоўцам прынесці кветкі да гарвыканкама. Паводле ягоных слоў, гэта была б праява павагі і ўдзячнасці сілавікам, якія коштам уласнага здароўя стрымалі беспарадкі.
Ігара Салаўя, як ужо казалася, затрымалі 3 верасня ва ўласнай кватэры. Верагодна, што яго вылічылі па відэазапісах. У тым жа месяцы беларуская праваабарончая супольнасць прызнала яго палітычным вязнем. Разам з ім у баранавіцкай калоніі знаходзяцца яшчэ дванаццаць пінчукоў і ўсе за тыя падзеі: Раман Багнавец, Артур Халімончык, Рыгор Гунько, Вячаслаў Шэлемет, Вячаслаў Рагашчук, Алег Рубец, Сяргей Лежанко, Аляксандр Цярэшка, Данііл Богнат, Станіслаў Міхайлаў, Дэвід Масціцкі ды Алена Моўшук.
Звернемся да лістоў. Дарэчы, усе яны наскрозь прасякнутыя добрым настроем, нават і блізка няма ўпадніцкіх нотак.
Лісты ад Ігара з СІЗА… Цяжка верыць, што нам выпадае так камунікаваць…
Пра ўмовы ўтрымання
Усё больш-менш спакойна. У Баранавічах умовы зносныя, ціха, стаўленне нармалёвае, але ўсе праблемы пачынаюцца, калі прывозяць у Пінскі ізалятар для следчых дзеянняў. Праблемы з нерэгулярным атрыманнем карэспандэнцыі ёсць ва ўсіх, а першыя месяцы дык увогуле амаль лістоў не было. У снежні мой ліст да цябе не прапусцілі.
Любая інфармацыя з волі, як глыток паветра
Падпісаны на газеты “Новы час”, “Інтэкс-прэс”, “АіФ” ды “Беларусь сёння”, каб па магчымасці мець розныя навінныя крыніцы, але і гэтыя выданні не заўжды прыходзяць у тэрмін. Тым не менш у курсе падзей. У лістах вельмі цяжка штосьці паведаміць пра сітуацыю, але асцярожна магчыма. Ведаю пра вялікую салідарнасць, як унутры Беларусі, так і па за межамі, што вельмі важна тут.
З Пінска яшчэ прывозяць па іншых палітычных справах
Як я разумею, то не ўсе затрыманыя за пратэсты пінчукі прызнаныя палітвязнямі. Я не магу напісаць увесь спіс, усіх ведаю па прозвішчах, але асабіста з імі не знаёмы. Новыя дадаюцца па іншым справам, адзінкавыя выпадкі, асобныя справы. Трэба клапаціцца пра ўсіх, а то людзі адчуваюць сябе пакінутымі. Любая ўвага з волі шмат чаго значыць для нас. Варта, каб і міжнародная праваабарончая грамада цікавілася нашым лёсам.
Пра сваю справу
Здарма яны ўсё гэта робяць. Магчыма падумаць, што мы будзем як школьнікі моўчкі каля дошкі стаяць. Так-та мне “свеціць” восем гадоў і надзеі на нейкую літасць не маю. Бачыў увесь фарс высмактанай з пальца справы. Усю старую маёмасць на нас спісваюць, нават парваныя кайданкі. Я ўзгадаў кінастужку “Астэрыкс і Абеліск”, як там тыя абодва напіліся нейкага напою, разбегаліся і разбілі атрады рымлян-легіянераў, таксама са шчытамі і ў шлемах. Адзін у адзін гісторыя: 140 пацярпелых і ўсё зрабілі 20 хлапцоў.
Маю гонар за такіх людзей
Чытаў у адным з нумароў “Новага часу” пра Вольгу Хіжанкову. Захоплены мужнасцю гэтай дзяўчыны і ганаруся, што знаходжуся ў гэтых месцах разам з такімі асобымі: Марыяй К., Паўлам С., Сяргеем Ц., Віктарам Б. Таму настрой не губляю. Я трымаюся і вы трымайцеся!
***
Ігар Салавей не выпадковая асоба ў грамадска-палітычным жыцці, у тым сэнсе, што ён, як актывіст з’явіўся не ўлетку 2020 года. Мае багатую біяграфію і вядомы не толькі на Піншчыне. Магчыма з-за гэтага яго спрабуюць зрабіць ледзь не арганізатарам стыхійнага мітынгу каля Пінскага гарвыканкама.
Праваабаронцы мяркуюць, што судовы працэс па “пінскай справе” пачнецца ўжо ў лютым. Сітуацыя адсочваецца шырокай супольнасцю людзей, таму пакуль усе ў чаканні і забытых імёнаў няма.
Пятро Савіч, Беларускае Радыё Рацыя