Ігар Шуневіч: Міліцыянт не можа адказваць хамствам на хамства



Дадзеныя статыстыкі пра тое, што 67% беларусаў давяраюць міліцыі, а 33% не давяраюць, пракаментаваў міністр унутраных спраў Ігар Шуневіч у інтэрв’ю праграме „Контуры” тэлеканала ОНТ, паказанай увечары 6 сакавіка.

Ігар Шуневіч

Ігар Шуневіч (Фота sputnik.by)

Як адзначыў кіраўнік МУС, міліцыя, з аднаго боку, „ратуе, абараняе, захоўвае”, з іншага — „спыняе, забараняе і карае”. „Натуральна, што тыя грамадзяне, якія сутыкаюцца з другой часткай гэтай дзейнасці, наўрад ці змогуць станоўча ацаніць яе, нават зыходзячы са свайго ўнутранага суб’ектыўнага ўяўлення… Тут застаецца пэўны асадак. Разумею гэта на побытавым узроўні”, — сказаў Шуневіч.

Ён лічыць, што „трэба пазбягаць іншага: непрафесіяналізму, неадукаванасці, хамства”. „Міліцыянт не можа ісці за сваімі пачуццямі і адказваць хамствам на хамства. Міліцыянт не можа сваё ўнутранае, суб’ектыўнае стаўленне перакладаць на тую працу, якую ён робіць, і на таго аб’екта, на якога накіравана гэта праца. Правапарушальнік гэта або законапаслухмяны грамадзянін”, — падкрэсліў кіраўнік МУС.

„Мы лічым, што ёсць два кірункі, па якіх трэба працаваць. Першае — гэта раскрыццё злачынстваў. Таму што самая лепшая прафілактыка злачыннасці — гэта непазбежнасць пакарання. Другое — павышэнне прафесійнага, культурнага, інтэлектуальнага ўзроўню нашых супрацоўнікаў. Іншага шляху не дадзена. А народ ужо сам ацэніць па выніках гэтай працы нашу дзейнасць”, — канстатаваў міністр унутраных спраў.

belapan.by