Ігар Случак даслаў лісты ўсім таварыствам абароны спажыўцоў
Заўтра, 15 сакавіка, Беларусь адзначае чарговыя ўгодкі прыняцця першай Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, а таксама Дзень спажыўца. З гэтай нагоды каардынатар грамадскага аб’яднання “Справаводства па-беларуску” Ігар Случак накіраваў усім беларускім арганізацыям, якія займаюцца абаронай правой спажыўцоў, адмысловыя лісты.
– З гэтай нагоды я звярнуўся ва ўсе таварыствы абароны спажыўцоў, іх каля 50-ці, з прапановай, каб яны падтрымалі змены ў закон “Аб абароне правоў спажыўцоў”, паводле якіх інфармацыя аб тавары павінна давацца на дзвух дзяржаўных мовах адразу.
Згодна патрабаванняў Мытнага саюза на таварах чальцоў саюза інфармацыя павінна быць пададзена абавязкова па-руску. А так як у Беларусі дзве дзяржаўныя мовы, то беларускія вытворцы абіраюць толькі рускую, ігнаруючы беларускую.
Ігар Случак кажа, што яму будзе цікава даведацца, колькі наогул таварыстваў абароны правоў спажыўцоў адкажа на гэтыя звароты, колькі з гэтых таварыстваў падтрымае прапановы, і будзе бачна, чые правы абараняюць яны – толькі рускамоўных спажыўцоў, ці ўсё ж такі і беларускамоўных таксама.
Васіль Кроква, Беларускае Радыё Рацыя.