Ігар Туркоў – пастар з Беларусі, які загінуў за Украіну
Ігар Туркоў (7.02.1966 – 12.02.2015) – пастар рэлігійнай абшчыны хрысціян веры евангельскай „Шлях дадому” і дырэктар дабрачыннага фонду „Уваскрэсенне” – быў патрыётам Украіны, нягледзячы на тое, што нарадзіўся і вырас у Наваполацку, а ў Дняпро пераехаў ужо дарослым і сфармаваным чалавекам. Калі ва Украіну прыйшла вайна, то Ігар і яго жонка Надзея адразу актыўна ўключыліся ў валанцёрства, пачалі збіраць грошы, прадукты, рэчы, медыкаменты і перадаваць усё гэта на фронт. Надзея да апошняга думала, што гэтым удзел яе мужа ў супрацьстаянні агрэсару і абмяжуецца.
Ігар Туркоў з жонкай Надзеяй
„Ён намякаў, але я неяк гэта сур’ёзна не ўспрымала. Хоць бачыла, што ён збірае рэчы… Гляджу, штаны купіў вайсковыя. Пазней – ужо і куртачка ў яго з’явілася, і чаравікі… Але як бы выпадкова ўсё. А неяк ён кажа: мне трэба заплечнік ваенны купіць – пойдзем выберэм? Калі я спытала, навошта яму заплечнік, ён аджартаваўся. Мы, маўляў, любім з сям’ёй у паходы хадзіць… Купілі. А Ігар потым і кажа: у мяне ўсё ёсць, каб ехаць… „куды ехаць?”, – пытаюся. А ён: „Як – куды? Ты ж бачыш, што робіцца ў краіне… Я не магу ў баку заставацца…”, – кажа Надзея Туркова.
Апошняй кропляй для Туркова сталі падзеі ў Ілавайску. Адразу пасля расстрэлу расейскімі войскамі ўкраінскіх вайскоўцаў у так званым „зялёным калідоры”, ён адправіўся запісвацца ў батальён „Данбас”, які ў той час знаходзіўся ў Днепрапятроўскай вобласці, на палігоне ў Чаркаскім. Пасля быў палігон у вёсцы Старэ пад Кіевам, а 15 снежня 2014 года так званы „другі набор” батальёна „Данбас” адправіўся ў зону правядзення Антытэрарыстычнай аперацыі.
Ігар Туркоў з сям’ёй
„Ігар быў надзейным, ураўнаважаным, добразычлівым, інтэлігентным чалавекам. З ім ніколі не было ніякіх праблем. Калі яму нешта даручалі, то можна было не правяраць выкананне задання: ён выконваў усё. Быў не тое што адказным, а звышадказным. Вельмі педантычна да ўсяго падыходзіў. Вельмі надзейны чалавек… Яму ўжо пад 50 было. І нават толькі тое, што ён у такім узросце вырашыў ісці на вайну – ужо заслугоўвае павагі. І ён ішоў не проста на блок-пасце сядзець, ён ішоў на рэальную вайну ” , – кажа пра загінулага Ігара Туркова яго камандзір узвода.
У лютым 2015 года невялікае сяло Логвінава набыло велізарнае стратэгічнае значэнне. Літаральна за тыдзень да таго, як украінскія вайскоўцы вымушаныя былі пакінуць Дэбальцава, у раёне Логвінава расейска-тэрарыстычныя войскі перарэзалі дэбальцаўскую трасу. Група ўкраінскіх вайскоўцаў, у якой быў і Туркоў, накіроўвалася на патруляванне Дэбальцава, але замест гэтага двойчы спрабавала штурмаваць Логвінава. Але калі праціўнік падбіў абодва танкі, якія прыкрывалі групу, украінскія вайскоўцы адступілі. Каб вярнуцца сюды 12 лютага. У гэты дзень узвод, у якім служыў Туркоў, накіраваўся ў Логвінава ў якасці прыдадзенага 30-й брыгадзе падраздзялення. Бо ў 30-кі, у адрозненні ад „Данбаса”, была цяжкая тэхніка – незаменная рэч падчас штурму. Зрэшты, у той дзень танкі ў Логвінава не выязджалі. Бо людзей адпраўлялі не на штурм сяла, а на яго зачыстку.
Ігар Туркоў
„Тады ў нас танкаў не было, толькі шэсць БМП. Калі да Логвінава заставалася з паўкіламетра, мы сфармавалі тры атакуючыя групы, тры баявыя машыны пяхоты па дзесяць чалавек – дзве групы з 30-й брыгады, адна наша. Гэтыя тры групы і зайшлі ў сяло. Астатнія ж нашы засталіся на месцы, у рэзерве”, – распавядае ўдзельнік бою, баец батальёна „Данбас” з пазыўным „Афон”.
Пра тое, што сяло, насуперак інфармацыі камандавання, якое адправіла байцоў „Данбаса” і 30-й брыгады на зачыстку Логвінава, заставалася пад кантролем баевікоў і расейскіх вайскоўцаў, удзельнікі аперацыі даведаюцца пазней. Як і пра тое, што раніцай гэтага ж дня Логвінава ўжо спрабавалі штурмаваць падраздзяленні 79-й і 95-й брыгад, але вымушаныя былі адступіць, страціўшы там тэхніку.
„Як толькі мы зайшлі ў сяло, па нас адразу ўдарылі кулямёты, ССГ… Нашы баявыя машыны тупа развярнуліся і з’ехалі, а мы засталіся пасярод вуліцы пад прыцэльным агнём, які па нас вялі з аднаго з дамоў метрах у 60-ці… Вось так мы ішлі зачышчаць гэтую вуліцу, а атрымалася, што зачышчалі ўжо нас, а не мы”, – прыгадвае „Афон”.
Ён распавядае, што ў першыя ж хвіліны бою на яго вачах загінулі адразу тры пабрацімы – „Ваван”, „Санта” і „Упэўнены”: колы падбітага „Урала” не абаранілі ўкраінскіх вайскоўцаў, якія спрабавалі схавацца за імі ад куль калібра 7,62. Ацалелыя ўдзельнікі групы адпаўзлі да прыдарожнай канавы. Калі туды дабраўся „Афон”, ён убачыў, што яго сябар „Партызан” (такі пазыўны абраў сабе Ігар Туркоў) ужо быў паранены ў правую руку.
Ігар Туркоў з саслужыўцамі
Бой працягваўся каля двух гадзін – без яўнай перавагі аднаго з бакоў. Перавага з’явілася пазней у выглядзе танка праціўніка, з якога па ўкраінскіх вайскоўцах адкрылі агонь з кулямёта. Тады Ігар Туркоў і атрымаў раненне ў нагу.
„Як яго параніла, бачыў наш баец „Тромс”, Аляксей Шустэр, які сам да таго моманту быў паранены. Я ж бачыў толькі, што Ігар тузануўся, калі кулямётная чарга ўздоўж дарогі прайшла”, – расказвае „Афон”.
Я спытаў у Ігара: зможаш, абапіраючыся на маё плячо, хоць як-небудзь рухацца? Ён адказаў, што не… У яго быў аўтамат. А яшчэ ён папрасіў у мяне гранату на выпадак, калі палон. І я пакінуў, як ні цяжка гэта было. Шчыра кажучы, улічваючы, як нас сустрэлі ў самым пачатку вёскі, я быў упэўнены, што далей будзе яшчэ горш, і не вельмі верыў, што мы выйдзем. Але абяцаў Ігару: калі праб’емся, калі выйдзем – паведамім сваім, што ў сяле засталіся нашы, і яшчэ раз паспрабуем, можа быць, з другога боку штурмаваць… То бок Ігару або палон заставаўся, або, калі штурм працягваўся б, яго нашы забралі б”, – тлумачыць „Афон”. І дадае, што група, якая адыходзіла, пакінула разам з „Партызанам” яшчэ аднаго параненага – байца 30-й брыгады.
У той дзень у Логвінава ўвайшлі 30 чалавек. Выходзіла ж менш за палову – 11 байцоў 30-кі і двое нацгвардзейцаў.
„Калі мы прыбылі да нашых, я распавёў намкамбату „Свату”, што бачыў, як загінулі трое нашых. І што там застаўся паранены „Партызан”, што яго трэба неяк вынесці, вывезці… Але тады ўжо была інфармацыя, што на палях стаяць дзесяць расейскіх танкаў. А ў нас не было ніводнага. Так што вярнуцца тады за Ігарам спробаў не было. У нас не было з чым ісці супраць танкаў”, – расказвае „Афон”.
Увесь час, пакуль Ігар Туркоў лічыўся зніклым без вестак, ніхто не дапускаў нават думкі, што ён мог загінуць. Тым больш, што ў хуткім часе пасля знікнення байца яго сям’я знайшла запісанае сепаратыстамі відэа, дзе яны казалі пра ўзятага ў палон украінскага вайскоўца, па апісанні вельмі падобнага да „Партызана”. У прыватнасці, яны згадвалі пра снайперскую вінтоўку – такую ж, як тая, што была ў апошнім баі ў Туркова. Гэта відэа было пачаткам доўгіх і знясільваючых пошукаў чалавека, у чыю смерць усе проста адмаўляліся верыць.
„2 гады 7 месяцаў мы так жылі. Не перадаць, як гэта – чакаць. Кожны званок, кожны стук у дзверы, і мяне падкідвала: а можа, гэта ён?.. Можа, ён?.. Увесь час у чаканні – гэта невыносна … Мы чакалі, што ён вернецца ў 2016-м. Адкладаю вяселле старэйшай дачкі, таму што нам увесь час казалі, што бачылі яго ў палоне. А ў верасні 2015 года той бок, Луганск, нават падаваў яго ў спісах на абмен. І ён палонным лічыўся з таго часу. А я кожны раз усім надакучвала, калі ў Менску па абмене палонных перамовы былі. А мне адказвалі, што яго там няма і ніколі не было… Да каго я толькі ні звярталася! Усе абяцалі дапамагчы – і нідзе нічога”, – распавядае Надзея Туркова.
Хто ведае, колькі б яшчэ сям’я Туркова не ведала пра лёс іх бацькі і мужа, калі б не праца пашукавікоў. Пра тое, што Ігара Туркова ўжо няма ў жывых, першымі даведаліся супрацоўнікі гуманітарнага праекта Узброеных сіл Украіны „Эвакуацыя-200”.
Экспертызы, якія праводзіліся ў Дняпры, пацвердзілі: прывезенае пашукавікамі цела належыць менавіта байцу батальёна „Данбас” Ігару Туркову. Ідэнтыфікацыю праводзіла следчая з Дняпра Вольга Жатавецкая, дзякуючы якой дзясяткі неапазнаных абаронцаў Украіны былі ідэнтыфікаваныя і вярнуліся дадому.
„Нам удалося высветліць, што падчас дэбальцаўскіх падзей Туркоў быў ці то паранены ў нагу, ці то са зламанай нагой застаўся. Прадстаўнікі Нацгвардыі адышлі, а яго ўзялі ў палон… Я думаю, што 12 лютага ён і загінуў. Таму што ўжо на наступны дзень яго цела прывезлі ў данецкі морг”, – распавядае Кацелеўскі. Як стала вядома з іншых крыніц, на галаве нацгвардзейца былі выяўлены кулявыя раненні, што можа сведчыць пра тое, што яго дабілі.
Па некаторых дадзеных, у Туркова была праламаная грудная клетка, што можа сведчыць пра тое, што „Партызана” перад смерцю катавалі. Магчыма, з-за таго, што палічылі яго снайперам (з-за снайперскай вінтоўкі, выпадкова запісанай на Туркова за дзень да выезду ў зону АТА). Тым больш, па словах „Афона”, „Партызан”, збіраючыся на апошняе ў сваім жыцці заданне, чамусьці ўзяў з сабой усе дакументы…
Развітанне з Ігарам Турковым.
Магіла Ігара Туркова (Дняпро, Краснапольскія могілкі).
Пропаведзь пастара Ігара Туркова „Жалоба Хрыста”.
Пропаведзь пастара Ігара Туркова „Вяртацца дамоў”.
Беларускае Радыё Рацыя паводле apostrophe.ua