Ігар Тышкевіч: Інфармацыйная гігіена – аснова барацьбы з каронавірусам
7 красавіка 1948 года была створана Сусветная арганізацыя аховы здароўя і абвешчаны Сусветны дзень здароўя. Паказальна, што ў сучасных умовах пандэміі частка прадстаўнікоў СААЗ правядзе Дзень народзінаў сваёй арганізацыі акурат у Беларусі. Менавіта пачынаючы з 7 красавіка місія СААЗ будзе знаходзіцца ў Беларусі да канца тыдня. Сярод іншага мэта прыезду – праверка сістэмы інфармаваная дзяржавай сваіх грамадзянаў пра тое, што насамрэч адбываецца ў краіне ў сувязі з пандэміяй каронавіруса.
Пра інфармацыйнае здароўе грамадства Беларусі ды іншае распавёў „Госць Рацыі”, аналітык Украінскага інстытуту будучыні, нараджэнец Баранавічаў Ігар Тышкевіч:
– Першае, гэта рэакцыя беларускага грамадства на саму эпідэмію і на тое, што адбываецца, яна дастаткова здаровая. У адрозненні ад суседніх краінаў яна больш рацыянальная – што рабіць, а не панікаваць, не крычаць, што ўсё прапала. Гэта ў прынцыпе стварае нармальную базу, у тым ліку для пераадолення цяжкага перыяду менавіта з пункту гледжання соцыуму. У камунікацыі дзяржаўных органаў было некалькі этапаў. Самы першасны этап, гэта калі толькі пачалося. Адразу быў шэраг дастаткова нармальных інтэрв’ю супрацоўнікаў Міністэрства аховы здароўя, якія адказвалі на ключавыя пытанні, збівалі паніку – гэта было адэкватна. Калі колькасць захворванняў пачала расці, то ў прынцыпе з’явілася іншая рэч – не ведалі, як працаваць з інфармацыяй. Нават маючы параўнаўча з суседзямі значна лепшую базу Міністэрства аховы здароўя, проста супаставіць факты і такім чынам іх патлумачыць насельніцтву аказалася проста няма каму. Другое, гэта традыцыйная хвароба любых жорстка зарэгуляваных супольнасцяў – шараговы выканаўца не хоча браць на сябе адказнасць. Я ў першую чаргу кажу пра рэгулярнае інфармаванне таго ж самага Міністэрства аховы здароўя. Калі ў нас афіцыйна баяцца няма чаго, то навошта рэгулярна інфармаваць. Паспрабавалі рэгуляваць, але гэта адразу дала збой на фоне пэўнай лакалізацыі ў Віцебску адносна вялікай колькасці захворванняў. Сыходзячы з гэтага пачало размываць гэтыя падмуркі як раз такі нармальнай рэакцыі грамадства і давер да Міністэрства аховы здароўя. Трэці блок, гэта тое, што яны робяць апошнія некалькі дзён – гэта штодзённае інфармаванне, якое больш-менш аб’ектыўнае і вычарпальнае. Чаму я кажу больш-менш аб’ектыўнае, справа ў тым, што наша рэсурсная база шмат у чым створана дзякуючы таму, што Беларусь год 5-6 таму пачала актыўна прапаноўваць медычныя паслугі навонкі – гэта азначае стымуляваць так званы медычны турызм. Прычым не стаматалогію, не прымітыўныя паслугі, а дастаткова дарагія, каштоўныя, складаныя аперацыі. Адпаведна, калі ты праводзіш такія рэчы, ты мусіш набываць пэўную тэхніку, забяспечваць, рыхтаваць кадры. Але, калі ты не даеш рэальную інфармацыю пра стан сваёй сістэмы, калі ты завальваеш камунікацыю ў сусветным выкліку, то натуральна даверу да медычнай сістэмы няма.
Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:
З аналітыкам Ігарам Тышкевічам гутарылі пра інфармацыйнае здароўе грамадства Беларусі на фоне пандэміі каронавірусу.
Беларускае Радыё Рацыя