Ігар Банцэр: Адбываць пакаранне накіравалі ў Віцебск
Гарадзенскага музыку Ігара Банцэра адбываць пакаранне „хіміяй” накіроўваюць у Віцебск. Там размешчана так званая папраўчая ўстанова адкрытага тыпу №9.
Напомнім, што 19 сакавіка прысудам суддзі суда Ленінскага раёну Наталлі Козел Ігара Банцэра асудзілі на паўтары гады абмежавання волі з накіраваннем ва ўстанову адкрытага тыпу. Гэта так званая „хатняя хімія”. Паколькі ён адсядзеў у зняволенні 5 месяцаў, а кожны з гэтых дзён залічваецца за два, то 10 месяцаў касуюцца. Такім чынам яму застаецца адбываць „хімію” яшчэ 8 месяцаў:
– У панядзелак я быў у міліцыі таму, што напрыканцы мінулага тыдня не атрымалася ў мяне перасекчыся з тым чалавекам, які гэтую маю справу мае. У пятніцу ўвечары каля паловы на дзясятую ён сам тэлефанаваў гэты міліцыянт. Вельмі настойліва прасіў прыйсці, я не зразумеў чаму. Вось сёння ў панядзелак, калі прыйшоў, а 10-й з раніцы, высветлілася чаму. Высветлілася, што я накіраваны, ужо ёсць у іх папера, прыйшла на мяне. Я мушу цягам трох дзён прыбыць на месца адбыцця пакарання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу №9 у горадзе Віцебску. Вось усё, што мне вядома на дадзены момант.
Ігар Банцэр 20 траўня 2021 года ў Гарадзенскім абласным судзе спрабаваў абскардзіць свой прысуд па крымінальнай справе. Але яго апеляцыйную скаргу прадказальна не задаволілі.
Лідара гурта Mister X Ігара Банцара судзілі за вулічны перформанс, які ён здзейсніў у ноч з 4 на 5 верасня, танцуючы ў ружовых шортах перад міліцэйскай машынай, а потым скінуўшы шорты і застаўшыся ў стрынгах. Пазней яму інкрымінавалі артыкул 339 Крымінальнага кодэксу.
Прыехаць ва ўстанову адкрытага тыпу ён мусіць да 17 чэрвеня.
Беларускае Радыё Рацыя, Гародня
Фота Сяргея Апановіча