Ігара Банцэра выпусцілі з карцара і будуць судзіць
Суд над актывістам і вакалістам гарадзенскага гурта Misrer X Ігарам Банцэрам адбудзецца ў Гародні ў пачатку сакавіка 2021 года. Музыку затрымалі ў Гародні яшчэ ў кастрычніку 2020 за вулічны перформанс.
Пра Ігара распавядае яго жонка Анжаліка Арэхва:
– Вядома, што Ігара ўжо ў суботу выпусцілі з карцара, і мы змаглі яму перадаць перадачы і ў аўторак, і ў сераду, на яго дзень народзінаў. Акурат перад гэтым днём прызначылі дату суда. Вядома, што суд будзе праходзіць тры дні з 3-га па 5-е сакавіка. Пачатак будзе а 14.30 у судзе Ленінскага раёна, суддзя Козел.
РР: Як ён сябе адчувае пасля карцара, можа, адвакат штосьці казаў?
– Адвакат пакуль яшчэ не хадзіў да яго, таму я не ведаю, як ён сябе адчувае пасля карцара.
Ігар Банцэр вядомы ў Гародні тым, што прымае актыўны ўдзел у грамадскім жыцці і займаецца анімацыяй культуры. У 2020-м годзе быў неаднаразова затрыманы падчас вулічных акцый пратэсту і розных перформансаў. За кратамі ў перыяд са жніўня па кастрычнік 2020 года адбыў 18 сутак, а таксама быў аштрафаваны на вялікую суму.
Ігар знаходзіцца за кратамі з кастрычніка 2020 года, з гарадзенскай турмы быў прымусова завезены на псіхалагічнае абследаванне ў Навінкі, а затым двойчы адбываў пакаранне ў карцары.
Беларускае Радыё Рацыя