Ігар Барысаў: Сваімі ўлёткамі яны зрабілі рэкламу нашым сайтам
У Магілёве жыхароў аднаго з дамоў пужаюць суседствам з апазіцыянерамі. Улёткі з заклікам быць пільнымі, бо ў доме жывуць прадстаўнікі апазіцыі, атрымалі суседзі намесніка старшыні Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі “Грамада”, рэдактара газеты “Наш Магілёў” Ігара Барысава.
Такі ўчынак зроблены цалкам у стылі 1937 года, аднак жыхары дома адрэагавалі на гэта зусім не так, як разлічвалі невядомыя аўтары ўлёткі, – кажа Ігар Барысаў.
– Атрымліваецца, што яны зрабілі толькі рэкламу нашаму партыйнаму сайту, а таксама сайту газеты “Наш Магілёў”. Таму што я паглядзеў колькасць учорашніх праглядаў – скачок быў у шэсць разоў больш, чым звычайна. Так што вялікі дзякуй за рэкламу. Планавалі, як кажуць, адно, а ў выніку атрымалася зусім іншае.
На думку Ігар Барысава, аўтарамі гэтай улёткі верагодна з’яўляюцца супрацоўнікі мясцовай камунальнай службы, якія ў такі спосаб вырашылі аказаць ціск на ягоную сям’ю. Жонка Ігара Алена Барысава з’яўляецца кіраўніком таварыства ўласнікаў і надае шмат увагі стану абслугоўвання дома.
Павел Генадзіч, Беларускае Радыё Рацыя