Ігара Казмерчака выпусцілі з ізалятара (абноўлена)



Аршанскі праваабаронца і рэдактар сайта orsha.eu Ігар Казмерчак выйшаў з ІЧУ. 

Трое сутак ён правёў у ізалятары часовага ўтрымання пасля допыту паводле крымінальнай справы. Як лічаць ягоныя сябры, гэтая справа можа тычыцца надпісаў палітычнага зместу на гарадскіх будынках, а за псаванне гарадской маёмасці прадугледжана адказнасць паводле крымінальнага артыкула 341. Ігар не распавядае падрабязнасцяў, бо даў падпіску аб неразгалошванні таямніцы следства. Але кажа, што ў межах адной з ім справы быў затрыманы на 72 гадзіны і актывіст з Дуброўны Міхаіл Чамурака.

Па вызваленні з Ігарам Казмерчаком паразмаўляла Ганна Ліпка:

РР: Ігар, Вы выйшлі на волю, 72 гадзіны Вы правялі ў ізалятары часовага ўтрымання ў Воршы, так?

– Так. Нас было 3 чалавек, акрамя мяне яшчэ быў Міша Чамурака, і нейкі Рома, якога я не ведаю. Нейкі праграміст, я яго першы раз бачыў. Не магу ўзгадаць, каб я з ім перасекаўся ці размаўляў. Стаўленне да палітычных перадузятае, як мне патлумачылі, гэта загад міністра- што палітычным трэба дыскамфортныя ўмовы ствараць. Але ў параўнанні з 2006 годам умовы наадварот лепшыя, проста таму што новыя ІЧУ ў параўнанні з тымі гадамі.

РР: Што тычыцца умоваў, дыскамфорт нейкі быў?

– Так. Па-першае аддзельнай бялізны няма, выдаюць на ноч толькі матрацы, падушка, коўдра. Але гэта без пасцельнай, проста мягкае выдаюць. Святло на ноч не выключаюць, гэта як элемент катаванняў. І кожны супрацоўнік ІЧУ павінен як-небудзь маральна „падкалываць” палітычных вязняў. Такія „падколы” не тонкія, выглядала гэта канешне даволі прымітыўна і ўвогуле смешна. Нейкіх мульцяшных герояў міліцыянты нагадвалі, калі гэта рабілі.

РР: Паколькі Вы давалі падпіску аб неразгалошванні Вы хіба можаце сказаць толькі пра тое, ці быў у Вас ператрус напрыклад?

– Ператрус быў. У мяне забралі ноутбук, мабільны тэлефон. Быў ператрус у яшчэ аднаго супрацоўніка нашага сайту. Я бычыў, як яго заводзілі ў РУУС, і я быў упэўнены, што ён таксама будзе сядзець, але адпусцілі. Хутчэй за ўсё ў яго таксама забралі апаратуру, бо ён за 10 хвілінаў да таго, як прыйшлі да мяне, паспеў паведаміць пра ператрус. Быў ператрус відавочна ў Ромы. І відавочна быў ператрус ў Мішы Чамуракі, але ў яго забіраць няма чаго, у яго ўжо даўно ўсё забрана.

РР: Скажыце, Ваша справа, у межах якой Вас трымалі 72 гадзіны тычыцца сайту?

– Не, яна не тычыцца сайту, яна ўвогуле абсурдная. Распавесці не магу, але аб’ектыўна – падпіска аб неразгалошванні ёсць, таму, што калі б я расказаў, то ўся краіна бы потым смяялася з нашых следакоў.

РР: Вы ў гэтай справе падазраваны ці сведка?

– Цяпер ужо падазраваны.

РР: Якія будуць далейшыя дзеянні? Вас затрымалі на 72 гадзіны, што Вам сказалі? Чакаць на суд, допыты?

– Не, нічога не сказалі, проста 72 гадзіны. Быў адзін допыт, такі ні пра што. Там з шасці пытанняў толькі адно тычылася справы, астатнія вакол ды ўсё.  Таму відавочна, што гэта проста падстава, каб затрымаць. А сур’ёзна гэтую справу наўрад ці будуць расследаваць.

РР: З чым Вы звязваеце гэтую неабходнасць затрымаць? Чаму Вы там апынуліся?

– Толькі на другі дзень да мяне дайшло, што ў гэтыя выходныя Александрыя запрашае сяброў пад Воршай. Кагосці запрашае да Александрыі, кагосці на сутачкі. Думаю, што гэта з гэтым звязана. Калі я выйшаў, мне распавялі, што шмат затрыманняў было агулам па краіне, таму пакуль не магу дакладна сказаць, трэба самому пачытаць навіны, каб зразумець, што гэта было. У мяне 2 версіі, чаму было затрыманне. Першая: нехта з міліцыі гуляецца ў „бітву розумаў”, і ізалявалі капітана канкуруючай кампаніі. У гэты дзень, калі мяне затрымалі, павінна была быць фінальная гульня „бітвы розумаў”. А другая версія, што гэта звязана з Александрыяй. Пакуль я логікі не разумею. Дапушчаю, што тут логікі можа й не быць.

У размове з Ганнай Ліпкай рэдактар незалежнага сайта orsha.eu Ігар Казмярчак згадваў фестываль “Александрыя запрашае сяброў”. Гэта імпрэза, ініцыяваная Аляксандрам Лукашэнкам на ягонай малой радзіме, якая традыцыйна мае ў праграме канцэрт артыстаў беларускай эстрады і розныя забавы. Учора падчас святкаванняў здарыўся прыкры інцыдэнт, у выніку якога пацярпелі людзі: на „Свяце ДАІ” вецер перакуліў і падняў у паветра дзіцячыя надзіманыя атракцыёны, яны некалькі разоў перакуліліся і ўпалі на зямлю. У гэты час там знаходзіліся дзеці, побач стаялі дарослыя. Розныя крыніцы паведамляюць пра розную колькасць пацярпелых – ад 5 да 7 чалавек, дарослых і дзяцей.

Ганна Ліпка, Беларускае Радыё Рацыя