Ігару Герменчуку споўнілася б 60 гадоў



Беларускі журналіст і грамадскі дзеяч, дэпутат легендарнага Вярхоўнага Савету 12-га склікання Ігар Гермянчук нарадзіўся 1 студзеня 1961 году ў вёсцы Стракавічы Светлагорскага раёну, што на Гомельшчыне. Вучыўся ў сярэдняй школе-інтэрнаце Светлагорску. Пасля скончыў факультэт журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэту. Быў удзельнікам легендарнай грамадскай арганізацыі “Майстроўня”, удзельнікам незалежніцкага руху, які паўстаў у час гарбачоўскай перабудовы. Яшчэ студэнтам браў удзел у фальклорных святах, якія ладзіла “Майстроўня”, на іспытах адказваў выкладчыкам па-беларуску.

Пазней Ігар Гермянчук працаваў на паліграфічным камбінаце імя Якуба Коласа, выносіў адтуль наборныя літары для нелегальнай друкарні, якую марыў стварыць разам з сябрамі-аднадумцамі. Калі ж утварыўся Беларускі Народны Фронт, Гермянчук стаў яго актыўным сябрам.

У 1990 годзе, калі яму было толькі 29 гадоў, выбраны дэпутатам Вярхоўнага Савету тады яшчэ БССР. 11 красавіка 1995 году Ігар Гермянчук разам з іншымі дэпутатамі парламенцкай апазіцыі БНФ абвясціў галадоўку супраць ініцыяванага Лукашэнкам рэферэндуму пра змену статусу адзінадзяржаўнай беларускай мовы і змену дзяржаўнай сімволікі. Як вядома ў ноч на 12 красавіка дэпутаты былі жорстка збітыя атрадам міліцыі асаблівага прызначэння і невядомым падраздзяленнем у масках. Парламентарыяў выкінулі з будынку. Так у Беларусі адбыўся антыканстытуцыйны дзяржаўны пераварот.

Калі Герменчуку было 30 гадоў, ён стаў галоўным рэдактарам газеты “Свабода”. Газета пры ім зрабілася найбуйнейшым і найпапулярнейшым апазіцыйным выданнем краіны. У ёй працавалі таленавітыя і смелыя журналісты. За праўдзівыя і вострыя публікацыі, якія вызначылі як антыпрэзідэнцкія, пракуратура чатыры разы пачынала на Герменчука крымінальныя справы. Гермянчук быў асобай-рухавіком ўсёй рэдакцыі, ён быў асновай гэтага выдання, укладаў у гэта ўсё сваё майстэрства, усе свае сілы, і на гэтай працы проста гарэў. Урэшце ў канцы 1997 году няўгодная ўладзе “Свабода” была забароненая, але ўжо ў студзені 1998-га Ігар Гермянчук здолеў яе адрадзіць пад новай назвай – “Навіны”. Пазней ён заснаваў часопіс “Кур’ер” і быў яго галоўным рэдактарам. Герменчуку неаднаразова пагражалі, невядомыя нават стралялі па вокнах ягонага дому.

Пісьменнік Уладзімір Арлоў так характарызуе Ігара Герменчука: “Ён, магчыма, як ніхто іншы з рэдактараў, разумеў магутную стваральную сілу нацыянальнай памяці. Даведаўшыся, што дзяржаўныя выдавецтвы адмовіліся друкаваць нашы з Генадзем Сагановічам “Дзесяць вякоў беларускай гісторыі”, Гермянчук прапанаваў цалкам апублікаваць кнігу на старонках “Свабоды”. Тая публікацыя выклікала вялізны інтарэс чытачоў.

Зянон Пазьняк, успамінаючы Герменчука, падкрэслівае ў час дзеяння парламенцкай апазіцыі таксама палітычную сталасць і цвёрдасць Герменчука: “Ён быў і вельмі здольным палітыкам, удзельнічаў у распрацоўцы ўсіх нашых законапраектаў. Ён меў талент аратара, мог добра аналізаваць, добра выступаць”. 

Памёр Ігар Гермянчук заўчасна ад цяжкай формы анкалогіі ў Мінску 29 красавіка 2002 году. Яму быў толькі 41 год. Пахаваны адраджэнец беларускай прэсы на сталічных Усходніх могілках.

Беларускае Радыё Рацыя