Ігару Марзалюку перадалі подпісы супраць закона „аб дармаедстве”
Маладыя хрысціянскія дэмакраты Магілёва сумесна з Аб’яднанай грамадзянскай партыяй перадалі сабраныя подпісы супраць так званага дэкрэта „аб дармаедстве” ў грамадскую прыёмную дэпутата Ігара Марзалюка. «Прымусіць дэпутатаў працаваць – адна з нашых задачаў, калі яны ўжо знаходзяцца ў парламенце і атрымліваюць заробак, крыніцай якой з’яўляюцца падаткі людзей», – адзначыў лідар МХД Магілёва Андрэй Бодзілеў.
– Подпісы прынялі. Запісалі нашыя дадзеныя. Подпісы прыняў памочнік Марзалюка. Па яго словах, далей подпісы будуць перададзеныя Ігару Аляксандравічу. А што датычыць адказу, то згодна заканадаўству, Марзалюк Ігар Аляксандравіч павінен адказаць на подпісы сваіх выбаршчыкаў, бо значную колькасць подпісаў паставілі жыхары, якія пражываюць па 84-й акрузе. Таму дэпутат павінен адказаць, і не толькі пісьмова, але і яшчэ рабіць сустрэчу са сваімі выбаршчыкамі, каб даць справаздачу, што ён зрабіў у дадзеным кірунку.
Па словах Бодзілева, подпісы супраць дэкрэта аб дармаедстве таксама плануецца перадаць і іншым прызначэнцам ад Магілёву – Салаўёву, Старавойтаву, Петрашовай ды Хішчанку.
Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя