Ігумення Гаўрыіла папрасіла прабачэння ва ўсіх, каго „абразіў або закрануў” яе выступ
Ігумення Свята-Раство-Багародзічнага стаўрапігіяльнага жаночага манастыра ў Гародні Гаўрыіла Глухава папрасіла прабачэння ва ўсіх, каго „абразіў або закрануў” яе выступ 17 верасня на жаночым форуме „За Беларусь”, паведамляе партал Беларускага экзархата Рускай праваслаўнай царквы (БПЦ).
Ігумення манастыра патлумачыла свае выказванні „перажываннямі за лёс Радзімы” і заклікала ўсіх „імкнуцца да міру, згоды і любові”.
Выступаючы 17 верасня ў „Мінск-Арэне” на арганізаваным у падтрымку Аляксандра Лукашэнкі жаночым форуме „За Беларусь”, ігумення Гаўрыіла рэзка раскрытыкавала пратэсты, што праходзяць у краіне.
„Давайце цвяроза асэнсуем, да якой „свабоды” і перамен заклікаюць нас? — звярнулася яна да ўдзельнікаў форуму. — Да той ілжэсвабоды, дзе народжанае дзіця да паўналецця не ведае, хто ў бацькоў — сын ці дачка, калі бацькоў замест святых слоў „мама” і „тата” называюць „бацька нумар адзін” ці „нумар два”. Да той ілжэсвабоды, калі праз гідкую павуціну Nexta і іх куратары заклікаюць да забастовак, да парушэння правапарадку, да абразы і нават лінчавання ўладаў, праваахоўнікаў, дэпутатаў і нас, законапаслухмяных грамадзян. Да той ілжэсвабоды, дзе, на першы погляд, хітры, бяскрыўдны ланцуг салідарнасці жанчын з кветкамі і белымі стужкамі [стаіць] з узнятымі ўверх рукамі. Але складзеныя пальцы гэтых рук нагадваюць нам рукі лідараў дэструктыўных сект. Паверце мне, гэта толькі сектанты ходзяць і паказваюць гэтыя знакі”.
„Мы бачым натоўп вар’ятаў, якіх шкада, за якіх хочацца маліцца, перад якімі хочацца стаць на калені і прасіць: „Спыніцеся!” І якія пад азвярэлыя гукі аўтамабільных клаксонаў з венесуэльскіх рэвалюцыйных сцэнарыяў, у руках і на плячах, і на галаве, і нават, прашу прабачэння, на заднім месцы, якія прымацавалі чужародны, але нібыта свой нацыянальны бел-чырвона-белы сцяг, як раз’юшаны статак, крычаць на ўвесь горад д’ябальскія выкрыкі”, — заявіла ігумення Гаўрыіла.
На наступны дзень старшыня сінадальнага інфармацыйнага аддзела БПЦ протаіерэй Сергій Лепін напісаў у сваім „Фэйсбуку„, што ігумення манастыра была на гэтым мерапрыемстве з блаславення мітрапаліта Веніяміна, але ён „не быў інфармаваны аб тым, што гэта не проста нейкае „жаночае” мерапрыемства, але мерапрыемства з пэўным палітычным падтэкстам”.
„Быў парушаны прынцып неўмяшання ў палітыку матухнай Гаўрыілай у яе прамове? Відаць, так. Але, у любым выпадку, матухна выказала сваё меркаванне, якое просім не прыпісваць усёй БПЦ”, — падкрэсліў ён.
Раней, паводле інфармацыі рэгіянальнага сайта навін „Блог Гродно„, ігумення Гаўрыіла выступіла з ініцыятывай па зборы подпісаў за адкліканне з епіскапскай кафедры архіепіскапа Гродзенскага і Ваўкавыскага Арцемія, які пасля прэзідэнцкіх выбараў некалькі разоў публічна асудзіў гвалт і беззаконне, што адбываюцца ў краіне. Ён таксама падтрымаў жанчын, якія пасля брутальных дзеянняў сілавікоў сталі выходзіць на пратэст з кветкамі, і падкрэсліў, што верыць у здольнасць любові і міру „вярнуць праўду ў нашы душы”.
У сітуацыю, што склалася ў Гродзенскай епархіі, умяшаўся мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Веніямін, патрыяршы экзарх усяе Беларусі. Пасля набажэнства ў Свята-Пакроўскім кафедральным саборы Гродна 22 верасня праваслаўны іерарх заклікаў духавенства і паству епархіі вырашаць праблемы ўзгоднена, не дапускаючы сварак. Відэафрагмент яго настаўлення распаўсюдзіў тэлеканал „Гродно Плюс„.
„Я хачу, калі ўладыка (архіепіскап Гродзенскі і Ваўкавыскі Арцемій. — БелаПАН.) мяне падтрымае, каб Гродзенская епархія была найлепшай епархіяй у Рускай праваслаўнай царкве. І ніякіх подпісаў не збіраць ні ў які бок! Усё на гэтым. Я прыехаў — памаліліся, трохі пагаварылі. Цяпер мы абмяркуем з уладыкам, з духавенствам яшчэ некаторыя пытанні, і ўсё. Ніякіх подпісаў, ніякіх проціпастаўленняў! Толькі разам [вырашаем праблемы] — у міры”, — даў наказ патрыяршы экзарх на беларускай мове.
Фота: скрыншот з відэа