Ілля Дабратвор: Пасля выбараў жонка ўжо не магла працаваць у школе



Грамадскі актывіст Ілля Дабратвор распавёў, чаму яго жонка, якая працавала выкладчыцай у адной са сталічных школ, вымушана была напісаць заяву аб звальненні.

Ілля Дабратвор: Жонка яшчэ ў жніўні напісала такую заяву, практычна адразу пасля выбараў. Яна была назіральніцай на выбарчым участку ў школе, была затрымана і трое сутак правяла ў ізалятары. У заяве ўказала, што не можа працаваць у адным калектыве з людзьмі, якія фальсіфікавалі выбары.

РР: І як адміністрацыя школы ўспрыняла звальненне?

Ілля Дабратвор: Дырэктар школы хацела, каб жонка перапісала заяву аб звальненні, напісала яе па стандартнай форме і не ўказвала пра фальсіфікацыі настаўнікамі. Натуральна, дырэктар атрымала адмову. Нават тут яны хацелі прымусіць зманіць.

Але жонка ні пра што не шкадуе, і зараз яна працуе ў прыватнай школе, а таксама на курсах замежнай мовы. Пасля звальнення ёй практычна адразу прапанавалі працу. І дзеці мае таксама пакінулі дзяржаўную школу і перайшлі ў прыватную.

Дарэчы, шмат хто з настаўнікаў звольніўся, бо людзі не маглі пайсці супраць свайго сумлення. У той школе, дзе жонка была назіральнікам, здаецца, сем настаўнікаў пакінулі ўстанову. Нехта афішыраваў сваю грамадзянскую пазіцыю, нехта вырашыў гэта не агучваць, хаця ўсім усё было зразумела.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя