Ілля Дабратвор: Тэст не ўзялі, бо жонка за мяжу не выязджала



Грамадскі актывіст Ілля Дабратвор распавёў, як яго жонцы паставілі дыягназ “пнеўманія”.

Ілля Дабратвор: Жонка захварэла каля дзесяці дзён таму – паднялася тэмпература. Спачатку ўрачы сказалі, што ў яе звычайнае нявіруснае захворванне, пяць дзён яна правяла на бальнічным.

У пятніцу пайшла яго закрываць удзень, а вечарам ізноў тэмпература паднялася да 39 градусаў. Ужо ў панядзелак давялося выклікаць “хуткую”, жонцы зрабілі флюраграфію і працягнулі бальнічны. А вечарам лекарка сама прыбегла дахаты і паведаміла пра “левабаковую пнеўманію”.

РР: Тэст на каронавірус не рабілі?

Ілля Дабратвор: Мы хацелі, каб тэст быў зроблены, але нам у гэтым адмовілі. Сказалі, што, маўляў, жонка не выязджала за мяжу і ў яе не было кантактаў з тымі, хто быў у замежжы.

Шчыра кажучы, вельмі дзіўны аргумент, бо няўжо нельга захварэць у Беларусі на каронавірус, не выязджаючы за мяжу? На сёняшні дзень – гэта ўжо не паказчык. І што зараз рабіць? Калі гэта не пнеўманія, а каронавірус, то трэба самаізалявацца. Але зараз выглядае, што нам можна хадзіць па вуліцах, бо афіцыйна ў нас каронавіруса як быццам і няма.

У гэтай сітуацыі самае галоўнае, каб урачы правільны дыягназ паставілі. Наколькі я разумею, у сістэме аховы здароўя альбо не хапае тэстаў, альбо не хочуць псаваць сабе статыстыку.

Таму зараз жонка лечыцца дома. Дарэчы, супрацоўнікі “хуткай”, якія прыязджалі, сказалі нам, што яе няма сэнсу забіраць у бальніцу, бо, нават калі ў цябе няма каронавіруса, у лякарні больш шанцаў яго падчапіць.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота politring.com