Ілля Копыл: Ізноў на 3 ліпеня “прамыўка мазгоў”
Афіцыйныя СМІ гэтымі днямі пярэстыя ад успамінаў партызанаў і вайскоўцаў часоў Другой сусветнай пра “слаўныя подзвігі, што далі мірнае неба”. На тэлеэкранах трох каналаў штодзень не сціхаюць гарачыя баі ў кінафільмах, у асноўным, савецкіх часоў. Як і шмат год, ідзе чарговая ідэалагічна-прапагандысцкая “прамыўка мазгоў” да святкавання некалі Дня вызвалення Менска ды Беларусі ад “нямецка-фашысцкіх захопнікаў”, цяпер – Дня Незалежнасці. Погляд на сітуацыю аўтара нашумелай кнігі “Нябышына. Акупацыя вачамі падлетка”, узнагароджанага за яе медалём Васіля Быкава – Іллі Копыла.
Копыл: Я да гэтых “славіцаў” прывык! І чым далей ад вайны, тым больш “подзвігаў” і “герояў”. Нядаўна ўбачыў па “яшчыку” 80-гадовага ветэрана-партызана, які ў свае тагачасныя 10 гадкоў перакрочыў цераз дарогу з даручэннем да нейкага камандзіра. А для таго, каб стаць ветэранам-героем, дастаткова ж двух сведкаў… Увогуле, калі зірнуць, што адбывалася ў тыя часы – жудасна! Кажуць, што з першых гадзін вайны быў усенародны агульнапатрыятычны ўздым. Адзінкавыя выпадкі, канешне, былі. Але ж менш чым за палову 1941 у палон здалося 3 млн 350 тысяч “байцоў”! Як піша расейскі гісторык Марк Салонін, засталося ўсяго 7% баяздольнага войска ад таго, што было першапачаткова на 22 чэрвеня. Немцы маглі, паводле Жырыноўскага, хутка “памыць боты ў Ціхім акіяне”. Пад Масквой жа менавіта ў лістападзе-снежні, калі вядомая бітва адбывалася, з’явілася па 600 адпаведна ангельскіх ды амерыканскіх танкаў. Гэты выпадак “не прыпамінае” расейская ды беларуская афіцыйная гісторыяграфія…
РР: Вернемся ў Беларусь. Яшчэ параўнальна нядаўна 3 ліпеня дзесяцігоддзямі быў як Дзень вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. І ў прыватнасці, Менску. Але сёння добра вядома, што ў пустэльны горад проста ўвайшлі савецкія танкі…
Копыл: Наколькі я ведаю, немцы без стрэлаў, каб не патрапіць у кацёл, пакінулі сталіцу з 30 чэрвеня на 1 ліпеня. Мая стрыечная сястра, што перажыла акупацыю, расказвала мне, што прачнуліся – а вакол ціха. Пасля танкі і… пачаліся жудасныя ж бамбардзіроўкі, але ж лятакамі з “зорачкамі”. Убачыўшы іх, першапачаткова радасна віталі, аж пакуль зямля знянацку не захадзіла “хадуном”. І бамбілі менавіта жылыя кварталы!
РР: З тых жа гістарычных крыніц вядома, што непасрэдна Сталін даў загад бамбіць Менск, хоць ведаў, што там не засталося ані фашыстаў, ані проста жаўнераў. Проста тыя, хто былі “пад акупацыяй”, дараўноўваліся да “ворагаў народа”. А апошніх трэба было пакараць. Да таго ж дадатковыя “плюсы” пры дзеляжы ў Нюрнбергу…
Копыл: Ну так. Па РТР ельцынаўскіх часоў бачыў расповед лётчыка, што да вайны служыў у Менску і па загаду бамбіў дом… дзе раней жыў.
РР: І ўсё-такі чаму партыйныя тады ўлады пайшлі на тое, каб зрабіць 3 ліпеня Днём вызвалення. Хіба не ведалі нядаўняй гістарычнай праўды?
Копыл: Безумоўна, абсурд! Але справа вось у чым. У часы Сталіна ніякіх святаў Перамогі, расказаў пра герояў-воінаў, герояў-партызан і гаворкі нельга было весці. Мабыць, яны самі памяталі, якім коштам – гарамі трупаў ды рэкамі бязвіннай крыві – тая перамога здабытая. Усё пачалося ў 1965 пры Брэжневе – таму ж надта карцела “падняць” Малую зямлю. І цугам пасыпаліся святы ды гарады-героі.
А цяпер пра Дзень незалежнасці. Улады не прызнаюць Дзень Волі 25 сакавіка, калі пачалася беларуская дзяржаўнасць. Ну дык фармальна атрымліваецца, што яна наўпрост залежыць ад “захопнікаў”. Хоць у савецкія часы прапаганда літаральна раўла, што толькі дзякуючы Савецкай уладзе беларусы і атрымалі незалежнасць у выглядзе БССР!
РР: Ці не разумеючы гэту фальш і тое, што самі людзі на гэта не пойдуць, сучасная ўлада ў выглядзе губернатара Батуры і старшыні Савета Рэспублікі Мясніковіча заклікала ўсіх вывешваць чырвона-зялёныя сцягі на балконах ды над хатамі?
Копыл: Прынамсі, ніколі ў жыцці не бачыў, каб хтосьці гэта рабіў “па закліку сэрца” . У той жа час, беручы ўдзел у мітынгах ды імпрэзах апазіцыі, неаднаразова бачыў, як дэманстрантаў з балконаў шчыра віталі бел-чырвона-белымі сцягамі…
РР: Спадар Ілля, што вы асабіста будзеце рабіць 3 ліпеня?
Копыл: Нічога. Хіба, як звычайна, займуся хатнімі справамі…
Тым не менш, ідэалагічная хваля ўра-патрыятызму ў газетах і на тэлеэкранах будзе толькі ўзмацняцца – як зазвычай, да 3 ліпеня. І – знікне на наступны дзень гэтак жа раптоўна, як і пачалася.
Віталь Сямашка, Беларускае Радыё Рацыя
Фота аўтара