Імем Рэспублікі Беларусь расстраляны Сяргей Хмялеўскі
Сваякі Сяргея Хмялеўскага 29 лістапада паведамілі каардынатару кампаніі «Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі» Андрэю Палуду, што прысуд смяротнага пакарання выкананы, піша spring96.org.
Сяргей Хмялеўскі
«Больш за месяц ад Сяргея Хмялеўскага не было лістоў да сваякоў. Аднак на тым тыдні сваякі адносілі грошы для яго і іх у СІЗА узялі. Сёння ж яны пайшлі з ім на спатканне, дзе ім сказалі, што прысуд прыведзены ў выкананне.
Акрамя таго, ужо месяц няма лістоў і ад іншага асуджанага – Генадзя Якавіцкага. Пакуль у нас няма ніякай інфармацыі пра яго лёс», – распавёў праваабаронца.
Менскі абласны суд абвесціў смяротны прысуд 31-гадоваму жыхару пасёлка Мачулішчы Менскага раёна Сяргею Хмялеўскаму за жорсткае забойства двух і больш асобаў. Гэты цяжкі прысуд быў абвешчаны пасля перагляду ягонай крымінальнай справы, па якой раней Хмялеўскі быў асуджаны да пажыццёвага зняволення.
Нагадаем, што ўчора стала вядома пра выкананне смяротнага прысуду ў дачыненні да Івана Куляша.
Паводле spring96.org