Імпрэзы да Дня Волі анансавалі ў Глыбокім і Шаркоўшчыне
Дзень Волі 25 сакавіка адзначаць грамадскія актывісты Віцебшчыны. Імпрэзы, прысвечаныя Дню Волі, праводзяцца з пачатку 1990-х гадоў у Менску ды іншых гарадах Беларусі. Раней у ход масавых акцый умешваліся міліцыянты і арыштоўвалі актывістаў. Сёлета ўлады нават далі дазвол на адзначэнне свята ў некалькіх гарадах Беларусі, у тым ліку і ў Віцебску.
Але ў абласным горадзе грамадскія актывісты адмовіліся ад афіцыйнага адзначэння свята, спаслаўшыся на недахоп грошай на аплату працы міліцыянтаў.
Грамадскі актывіст Зміцер Лупач, распавядае як будуць адзначаць свята ў Глыбокім і Шаркоўшчыне.
– Плануем ускласці кветкі да помніка Ластоўскаму. Схадзіць да дома, дзе жыў Дуж-Душэўскі. Хочам схадзіць на магілу Альберта Бацяноўскага, які быў у Саюзе беларускіх патрыётаў. І думаем яшчэ потым зрабіць прэзентацыю новых выданняў. І плануем далучыцца да калег з Шаркоўшчыны. Разам хочам паехаць на магілу Канаплянскага, які быў удзельнікам паўстання, ён быў адным з намеснікаў Кастуся Каліноўскага.
У Беларусі Дзень Волі – неафіцыйнае свята, але частка беларусаў яго адзначае. Яно звязанае з абвяшчэннем у гэты дзень у 1918 незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі шляхам Трэцяй Устаўной граматы.
Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя