Іна Дабратвор аштрафаваная яшчэ на 5.800 рублёў па трох пратаколах
Суд Заводскага раёна Менска 2 красавіка аштрафаваў актывістку руху „За Свабоду”, маці пяці дзяцей Іну Дабратвор на 200 базавых велічынь (5.800 рублёў). За вывешаныя на акне партрэты Святланы Ціханоўскай, Марыі Калеснікавай, Віктара Бабарыкі і герб „Пагоня” на яе было складзена тры пратаколы.
На азнаямленне з матэрыяламі справы суддзя Алена Някрасава выдзеліла сем хвілін, паведаміў БелаПАН муж жанчыны журналіст-фрылансар Ілля Дабратвор.
Іна Дабратвор была прызнаная вінаватай па ч. 3 арт. 24.23 КоАП (парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў, здзейсненае паўторна).
„Па гэтым правапарушэнні Іна ўжо была аштрафаваная на 200 базавых. Фактычна чалавека караюць за адно і тое ж. Гэта юрыдычны казус сусветнага ўзроўню. Гэта рашэнне Някрасавай будуць вывучаць у сусветных інстытутах як прыклад таго, як рабіць нельга”, — лічыць Ілля Дабратвор.
25 сакавіка актывістка была аштрафаваная за гэта ж правапарушэнне па гэтым жа артыкуле на такую ж суму. „Гэта вельмі дарагі тэатр, білет у які каштуе 200 базавых. Дорага і неэфектыўна. Прыйшоў час яго расфармаваць”, — сказала тады БелаПАН Іна Дабратвор.