Іна Кулей: Праграма Каліноўскага апраўдвае сябе
Cтаршыня Камітэту дапамогі рэпрэсаваным Іна Кулей распавядае пра тое, як сёння працуе праграма Каліноўскага па падтрымцы рэпрэсаваных ў Беларусі студэнтаў.
Нагадаем, праграма імя Кастуся Каліноўскага стартавала ў 2006 годзе. Пасля масавых пратэстаў і намётавага мястэчка ўрад Польшчы даў магчымасць сотням беларусаў атрымаць адукацыю ў гэтай краіне.
Іна Кулей: Праграма Каліноўскага працягваецца, у наступным годзе адзначым юбілей – 10-годдзе. Час паказаў, што праграма апраўдвае сябе. Нават дзяржаўныя рэпрэсіі ў Беларусі ў адносінах да студэнтаў практычна зніклі. Калі ёсць альтэрнатыва, салідарнасць, якая праяўлена еўрапейскімі краінамі (і ў першую чаргу – Польшчай), то, такая форма рэпрэсій становіцца неактуальнай. Беларускія студэнты меней баяцца ўдзельнічаць у актыўным жыцці, таму што ведаюць, што ў любым выпадку могуць працягнуць навучанне ў іншым месцы. І гэта, напэўна, самы важны вынік работы. А ўвогуле, у нас ёсць свае выпускнікі – магістры, дактары навук, тыя, хто атрымаў паслядыпломную адукацыю…
РР: Некаторыя СМІ пісалі, што праграма выклікала і выклікае супярэчлівую рэакцыю: “Адны называюць яе самым паспяховым дэмакратычным праектам у краіне, а на думку іншых, гэтая праграма шкодзіць нацыянальным інтарэсам Беларусі — за час яе існавання больш за 800 чалавек з’ехала на Захад…”
Іна Кулей: Зараз мы якраз займаемся падвядзеннем вынікаў. Робім сацыялагічныя апытанні, высвятляем, дзе нашы выпускнікі і якія ў іх патрэбы. Хто вярнуўся ў Беларусь, а хто застаўся ў замежжы. Як склаўся іх лёс. Але я не бачу нічога дрэннага, што праграма дапамагае маладым людзям рэалізавацца ў жыцці.
РР: Раней, як правіла, чарговыя выбары ў Беларусі дадавалі вам беларускіх навучэнцаў. Як, мяркуеце, будзе на гэты раз?
Іна Кулей: Як праваабаронцы мы лічам, што ўладзе зараз непатрэбны рэпрэсіі, бо эканамічная сітуацыя вельмі кепская, і адносіны з Захадам псаваць не варта. Таму рэпрэсіі, калі і будуць, то, на мой погляд, прыхаваныя і прэвентыўныя. Спадзяемся, што іх не будзе так шмат, як гэта было са студэнтамі ў 2006 і 2010 гадах. Але пажывем – пабачым.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя