Іна Соркіна: Вельмі важна выявіць павагу да мовы тытульнай нацыі
Ці атрымае беларуская мова шанец для пераходу ў наступ да сапраўднага статусу дзяржаўнай ва ўласнай краіне, альбо ці будзе працягваць змаганне за існаванне ў неспрыяльных варунках, як было апошнія два дзесяцігоддзі? На гэтае ды іншыя пытанні адказвае госць «Рацыі», кандыдат гістарычных навук, сябра грамадскага аб’яднання «Таварыства беларускай мовы» Іна Соркіна напярэдадні кампаніі перапісу насельніцтва Беларусі.
РР: 4 кастрычніка ў Беларусі мае прайсці кампанія па перапісе насельніцтва, будзе яна доўжыцца некалькі дзён. І там будуць два пытанні: пра родную мову грамадзяніна, а таксама пра мову, якой ён карыстаецца дома.
– Так, гэта будзе ўжо трэці перапіс у незалежнай Беларусі, і надзвычай важна прасачыць тэндэнцыю. На жаль, тэндэнцыя была ў бок паніжэння працэнту тых, хто называў роднай мовай беларускую і называў беларускую ў якасці хатняй мовы. Бо ў 1999 годзе каля 73% назвалі роднай мовай беларускую. Праз дзесяць год у 2009 – гэта ўжо было 53%. Гэтае зніжэнне даволі істотнае, яно адлюстроўвае з аднаго боку – палітыку русіфікацыі, якая ў Беларусі ўсё ж такі відавочная. А з другога боку – маніпуляцыя перапісу была магчыма ў сувязі з удакладненнем. У час правядзення першага перапісу незалежнай Беларусі не было тлумачэння, што лічыць роднай мовай. А ў час перапісу 2009 года, я вось тады чытала інфармацыю пра тое, што ўсіх перапісчыкаў накіроўвалі на тое, што трэба людзям патлумачыць, што роднай мовай лічыцца тая, якая была першай засвоена ў дзяцінстве. Насамрэч гэта далёка не так.
РР: Гэта можна лічыць крывадушнасцю, бо большасць нацыянальна свядомых беларусаў пазналі беларускую мову і сталі ёй карыстацца ўжо ў сталым узросце.
– Канешне, натуральна. Нават 99 гадовы дзед можа толькі з узростам зразумець, што яго родная мова – беларуская, а не расейская, якую ён пазнаў першай у дзяцінстве. Бо калі ўзяць дзяцінства, напэўна, большасці насельніцтва Беларусі, то яно прыпадае на час Савецкага саюза, асабліва ў позні савецкі перыяд, калі БССР ужо была найбольш зрусіфікаванай з усіх рэспублік былога Савецкага саюза. І ў тых умовах расейскую мову засвойвалі першай. У гарадах, прынамсі.
Кампанія па перапісе насельніцтва Беларусі пачнецца ўжо з 4-га кастрычніка. Менавіта моўныя пытанні выклікаюць перасцярогу ў нацыянальна свядомых беларусаў. Статыстыка мінулых перапісаў у сітуацыі аўтарытарнага і антыбеларускага рэжыму вяла да змяншэння колькасці тых, хто прызнаваў беларускую мову як родную, аддаючы перавагу расейскай. Сябра абласной рады «Таварыства беларускай мовы» Іна Соркіна зазначае, што для грамадзянаў вельмі важна падчас перапісу выявіць павагу да мовы тытульнай нацыі, бо ад гэтага залежыць наша прышласць.
Перапіс насельніцтва Беларусі пачнецца 4-га кастрычніка, а завершыцца 23 кастрычніка.
Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:
Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя