Іна Студзінская: Незалежныя СМІ запалохваюць, каб мы замаўчалі



64-гадовая журналістка, якую 10 дзён трымалі ў ІЧУ на Акрэсціна, выходзіць з працяглай галадоўкі. 16-га ліпеня яе змясціі пад варту ў менскі ІЧУ на Акрэсціна, і на наступны дзень яна адмовілася прымаць ежу на знак пратэсту супраць несправядлівага затрымання і знаходжання за кратамі без прад’яўлення абвінавачання.

Іна Студзінская адзначае таксама, што да яе некалькі дзён не дапускалі адваката і не праводзілі аніякіх следчых дзеянняў, утрымліваючы ў нялюдскіх умовах турмы – без пасцельных прыналежнасцяў, з начнымі пад’ёмамі ды вобшукамі, не выключаючы святло круглыя суткі. Такое стаўленне Іна Студзінская тлумачыць толькі адным – ціскам на незалежныя СМІ:

– Думаю, што гэта запалохванне. Яны хацелі заткнуць нам раты. Перад намі ж журналістаў “Нашай Нівы” затрымлівалі, і “Белсат”, і “Тут.бай”… Я чытала ім вершы Канстанціна Сіманава, што “выйдут, как всегда, “Известия” и Правда, и Красная звезда” – што навіны ўсё адно будуць выходзіць, і раты вы нам не заткнеце!”

 26-га ліпеня Іна Студзінская выйшла на волю, але яна застаецца падазраванай у  крымінальнай справе, хаця канкрэтных абвінавачанняў супраць яе  не выстаўлена. У той самы дзень, калі яе затрымалі, за кратамі  апынуліся і калегі незалежнай журналісткі – Алег Груздзіловіч і Алесь Дашчынскі, тады ж сілавікі гвалтам уварваліся ў менскі офіс “Радыё Свабода”, зладзіўшы там ператрус. Ператрусы прайшлі і ў кватэрах затрыманых журналістаў.

Беларускае Радыё Рацыя